Фото: Andrew Keymaster, unsplash.com
Беларусы, якія пражываюць ва Украіне і маюць пратэрмінаваны пашпарт, сутыкнуліся з праблемай легалізацыі. З 3 жніўня, згодна з пастановай урада Украіны, усе замежнікі з часовым відам на жыхарства павінны абмяняць або пацвердзіць яго, але для гэтага неабходны дзейны пашпарт.
«Калі ў вас скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта Рэспублікі Беларусь — сітуацыя пакуль застаецца невырашальнай», — паведамляе Місія дэмакратычных сіл Беларусі ў Кіеве.
Місія дэмсіл разам з Free Belarus Center і Асацыяцыяй свабоднага беларускага бізнесу ва Украіне звярнулася ў Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны і накіравала запыт у Кабінет Міністраў.
Беларускія дэмсілы прасілі адтэрмінаваць уступленне ў сілу пастановы да 30 студзеня 2027 года і разгледзець магчымасць дазволіць грамадзянам Беларусі з пратэрмінаванымі пашпартамі афармляць і падаўжаць унутраныя легалізацыйныя дакументы Украіны.
МУС Украіны як галоўная структура Міграцыйнай службы адхіліла абедзве прапановы.
Паводле даных Офіса Ціханоўскай, часовы від на жыхарства ва Украіне маюць 2958 грамадзян Беларусі. Паводле ацэнак Офіса, толькі 40–50% з іх маюць дзейныя беларускія пашпарты, але тэрмін іх дзеяння рана ці позна скончыцца.
«Гэта значыць, што амаль 3000 беларусаў ва Украіне патэнцыйна знаходзяцца пад пагрозай страты легальнага статусу», — адзначае прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.
Місія беларускіх дэмсіл ва Украіне і Офіс Ціханоўскай заяўляюць, што працуюць над вырашэннем праблемы.