Беларусы Варшавы далучыліся да акцыі «Чарнобыльскі шлях»

Беларусы Варшавы ў 40-ю гадавіну Чарнобыльскай трагедыі сабраліся каля помніка Каперніку, каб ушанаваць памяць ахвяр катастрофы і нагадаць пра яе наступствы для Беларусі і свету. Паводле інфармацыі Офіса Святланы Ціханоўскай, удзел у акцыі прынялі больш за 100 чалавек.

Сярод іх — лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, ксёндз Вячаслаў Барок, намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, прадстаўнік рады БНР Аляксей Дзікавіцкі. Вёў мітынг музыкант Аляксандр Памідораў.

Мітынг пачаўся з выканання беларускага, украінскага і польскага гімнаў. Пасля мітынгу ўдзельнікі з плакатамі з партрэтамі палітвязняў і расцяжкамі супраць размяшчэння ядзернай зброі прайшлі шэсцем да помніка Марыі Складоўскай-Кюры.

«Сёння мы ўшаноўваем ахвяр Чарнобыля і ўсіх ахвяр рэжыму Лукашэнкі. У выніку дзеянняў рэжыму Беларусь апынулася перад пагрозай страты незалежнасці, на тэрыторыі краіны размешчана ядзерная зброя. Тут у Варшаве мы сабраліся, каб звярнуць увагу свету на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. Мы паказваем, што не здаліся, не змірыліся.

Сёння прагучала шмат заяў салідарнасці ад міжнароднай супольнасці, палітыкаў, чыноўнікаў, міжнародных арганізацый. Беларусь застаецца ў фокусе — гэта важна. Я рады, што чарнобыльскія акцыі аб’ядноўваюць і грамадскія арганізацыі, і палітыкаў, і дзеячаў культуры, і дыяспаральныя ініцыятывы. Гэта агульная бяда, якая ўсіх аб’ядноўвае», — заявіў Франак Вячорка.

Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
Фота: t.me/tsikhanouskaya
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!