Беларуску затрымалі ў Польшчы па абвінавачанні ў адмыванні грошай

У Польшчы па абвінавачанні ў адмыванні грошай затрыманыя чатыры чалавекі — трое палякаў 19, 31 і 44 гадоў і 54-гадовая грамадзянка Беларусі.

Беларуску затрымалі некалькі месяцаў таму. Паводле рашэння суда яна знаходзіцца пад вартай. У ходзе следства былі ўстаноўленыя яшчэ трое падазраваных. Іх затрымалі 24 лістапада ў розных рэгіёнах Польшчы, паведамляе паліцыя Познані.

Паводле даных следства, група займалася адмываннем грошай, атрыманых махлярскім шляхам. Выкарыстоўваліся розныя схемы: выдуманыя гісторыі пра салдат у замежных місіях, вядомых артыстаў і іх менеджараў, рамантычныя знаёмствы, у якіх у пацярпелых прасілі грошы нібыта на лячэнне, куплю інструментаў або білеты на самалёт.

Пасля паступлення грошай на рахунак іх здымалі наяўнымі, пераводзілі на іншыя рахункі або куплялі крыптавалюту. За ўдзел у гэтым працэсе абвінавачаныя атрымлівалі ўзнагароджанне або працэнт ад праведзеных аперацый.

За больш як два гады дзейнасці групы на рахункі абвінавачаных паступіла больш за 1 млн злотых (279 тысяч долараў). Пацярпелыя — жыхары Польшчы, Нарвегіі і Нідэрландаў.

Чатыром затрыманым прад’яўленыя абвінавачанні ў адмыванні сродкаў (арт. 299 КК Польшчы). Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!