Беларускія палітвязні прыбылі ў Вільнюс

Беларускія палітвязні прыбылі ў Вільнюс. Раней паведамлялася, што ў Літву прыбудуць 15 чалавек. Сярод тых, хто прыехаў на сустрэчу з журналістамі — журналістка Кацярына Бахвалава (Андрэева), праваабаронца Валянцін Стэфановіч, затрыманы ў 16-гадовым узросце Мікіта Залатароў, блогер Эдуард Пальчыс. Стрым з месца падзей вядзе “Радыё Свабода”.

Кацярына Андрэева падзякавала за вызваленне прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і яго спецпрадстаўніку Джону Коўлу, літоўскаму боку за прыём і выказала “стрыманую падзяку” беларускаму боку. Яна выказала надзею, што людзей працягнуць выпускаць, нагадала, што за кратамі знаходзіцца яе муж Ігар Ільяш і заявіла, што яго вызваленне стане справай яе жыцця.

Валянцін Стэфановіч распавёў, што з Магілёва да мінскага СІЗА іх везлі ў шапках, каб людзі нічога не бачылі, і ў кайданках. Ён сказаў, што адчувае сябе нармальна. За час зняволення ён не мог перапісвацца з жонкай і дзецьмі, паколькі яны былі за мяжой, і кантактаваў толькі з маці і сястрой. Сцяфановіч сказаў, што мае намер вярнуцца да праваабарончай дзейнасці. Ён заявіў пра неабходнасць змагацца за вызваленне палітвязняў і дамагчыся мараторыя на палітычныя пераследы.

Эдуард Пальчыс паведаміў, што літоўская мытня аператыўна паставіла візы беларускім палітвязням і выказаў падзяку за гэта. Паводле яго слоў, на першых этапах зняволення адчувалася падтрымка звонку, аднак потым наступіў рэжым ізаляцыі, і некаторыя навіны даходзілі да яго праз 2–3 гады. Паводле яго слоў, шлях да Літвы праходзіў у два этапы. 18 сакавіка яго прывезлі з Магілёва ў Калядзічы, а сёння — у Літву.

Мікіту Залатарову цяпер 21 год, у зняволенні ён прабыў 5 гадоў і 7 месяцаў, ён пакутуе на эпілепсію. Ён распавёў, што тры дні таму ляжаў пад кропельніцамі ў бальніцы. Пра вызваленне ён даведаўся “па факце”.

Эдуард Пальчыс. Фота: t.me/viasna96
Мікіта Залатароў. Фота: t.me/viasna96
Валянцін Сцяфановіч. Фота: t.me/viasna96
Кацярына Андрэева. Фота: t.me/viasna96
Валянцін Сцяфановіч. Фота: t.me/viasna96
Скрыншот відэа “Радыё Свабода”
Скрыншот відэа “Радыё Свабода”
Скрыншот відэа “Радыё Свабода”
Скрыншот відэа “Радыё Свабода”
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!