Беларускі малочны завод можа з’явіцца ў Кіраўскай вобласці РФ

Беларускі малочны завод можа з’явіцца ў Кіраўскай вобласці РФ. Пра гэта на сустрэчы са старшынём Брэсцкага аблвыканкама Пятром Пархомчыкам заявіў губернатар расійскага рэгіёна Аляксандр Сакалоў.

«Ёсць мэтавы інтарэс, таму мы і прыехалі пасля сустрэчы з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь менавіта ў Брэсцкую вобласць. У нас у рэгіёне вырабляецца вялікая колькасць малака (мы пятыя ў Расіі), але ў нас недастаткова перапрацоўкі. У Расіі з вялікай павагай ставяцца да брэсцкага прадпрыемства “Савушкін прадукт”. Масла, сыры, ёгурты, тваражкі зарэкамендавалі сябе як прадукцыя найвышэйшай якасці. Я гаварыў пра гэта з Аляксандрам Лукашэнкам, ён падтрымаў ідэю. Спадзяюся, што на тэрыторыі Кіраўскай вобласці з’явіцца беларускае прадпрыемства», — цытуе Сакалова БелТА.

Паводле яго слоў, вобласць гатовая прадаставіць для беларускага прадпрыемства пляцоўку з усімі камунікацыямі і гарантаваць пастаўкі малака. Прадукцыю плануюць прадаваць у Прыволжскай акрузе РФ, на Урале, у Сібіры.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!