Беларуса з какаінам і марыхуанай затрымалі на Балі. Яму можа пагражаць пажыццёвае зняволенне

На Балі затрымалі 29-гадовага грамадзяніна Беларусі. У яго знайшлі 483 грамы марыхуаны і 33 грамы какаіну, паведамляе інданезійскае выданне Deteksi Post.

Беларус жыў у раёне Унгасан на поўдні Балі. У паліцыі была інфармацыя пра пасылку з марыхуанай, якую атрымаў беларус. Пры затрыманні мужчыны ў гатэлі знайшлі яшчэ і какаін.

На допыце ў паліцыі беларус патлумачыў, што атрымаў какаін ад свайго грузінскага знаёмага. Пры ўездзе ў Інданезію ён схаваў наркотыкі ў адзенне, якое перавозіў у чамадане.

Пасылка з марыхуанай, якую атрымаў беларус, прыйшла са Швейцарыі ад адпраўніка па імені Ягор, з якім падазраваны звязваўся ў Telegram. Беларус замовіў яе на імя мясцовага жыхара, папрасіў даставіць з пошты і пакінуць яе ў гатэлі.

Паліцыя лічыць, што наркотыкі прызначаліся для продажу на Балі.

Беларусу прад’яўлены абвінавачанні па двух артыкулах. Па першым артыкуле (незаконнае захоўванне наркатычных сродкаў) яму пагражае ад 4 да 12 гадоў пазбаўлення волі і штраф. Другі артыкул (незаконнае захоўванне наркатычных сродкаў у буйным памеры) прадугледжвае пакаранне аж да пажыццёвага.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!