Фото: Laura Ockel /Unsplash.com
У Польшчы чатыры грамадзяніны Беларусі і два грамадзяніны Польшчы абвінавачваюцца ў парушэнні санкцый. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальнай пракуратуры краіны.
Шэсць чалавек былі затрыманыя 18 лютага супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі і Мытна-падатковай адміністрацыі. Адзначаецца, што затрыманні былі праведзены ў рамках двух паралельных расследаванняў.
Затрыманыя падазраюцца ў спробе кантрабанды ў Расію праз тэрыторыю Беларусі “прылад, якія выкарыстоўваюцца для аўтаматызацыі вытворчасці інтэгральных схем, што ўжываюцца, у прыватнасці, пры зборцы баявых беспілотнікаў”.
20 лютага суд у Лодзі прыняў рашэнне аб часовым арышце трох падазраваных. Да астатніх ужытыя іншыя меры стрымання: паліцэйскі нагляд, вызваленне пад заклад, забарона выезду з краіны.
У затрыманых канфіскаваныя сродкі ў розных валютах — каля 400 тыс. злотых у эквіваленце.