Беларус з расійскім пашпартам падазраецца ў дыверсіі ў Лейпцыгу — СМІ

Галоўнае
Фото: Bild

У справе аб спробе дыверсіі ў аэрапорце Лейпцыга двое падазраваных — грамадзянін Беларусі з расійскім пашпартам і ўраджэнец Расіі з латвійскім пашпартам. Беларуса ўстанавілі па ДНК, паведамляюць нямецкія выданні Süddeutsche Zeitung, NDR і WDR.

На прэс-канферэнцыі 1 верасня кіраўнік МУС Германіі заявіў, што за спробай дыверсіі стаяць расійскія спецслужбы. Ён сказаў, што выкананнем займаліся «агенты ніжэйшага ўзроўню», але не назваў іх імёнаў.

Паводле інфармацыі SZ, NDR і WDR, следства падазрае двух чалавек. Адзін з іх — ураджэнец Расіі з пашпартам Латвіі, які мае сувязі з расійскімі спецслужбамі. Па ўсёй бачнасці, ён прыбыў у Германію ў канцы ліпеня праз берлінскі аэрапорт, а затым паехаў у Лейпцыг на арандаванай машыне. За два дні да няўдалай дыверсіі ён вылецеў з Германіі праз Берлін.

Другога падазраванага, паводле інфармацыі выдання, знайшлі па слядах ДНК, пакінутых на месцы злачынства. Генетычныя сляды былі выяўленыя на адным з дронаў, на ўнутраным баку кансервавай банкі, начыненай выбухоўкай, а таксама на антэне, замацаванай на дрэве непадалёк ад аэрапорта. Следчыя зверыліся з еўрапейскімі базамі даных ДНК і знайшлі супадзенні ў Літве і Фінляндыі.

Паводле наяўнай інфармацыі, другі падазраваны — грамадзянін Беларусі, які таксама мае расійскі пашпарт. Ён ужо прыцягваў да сябе ўвагу праваахоўнікаў у розных краінах у сувязі з іншымі злачынствамі.

Следчыя ўстанавілі, што беларус атрымаў італьянскую турыстычную візу ў канцы красавіка ў Мінску і ўехаў па ёй у Германію, піша выданне.

Паводле даных SD, следчыя сумняваюцца, што падазраваных атрымаецца затрымаць і прыцягнуць да адказнасці.

Эксперты Федэральнага ведамства крымінальнай паліцыі таксама мяркуюць, што ў няўдалай дыверсіі магло выкарыстоўвацца больш дронаў, чым было вядома раней: на месцы цалкам або па частках былі знойдзеныя тры беспілотнікі.

Нагадаем, у ноч на 5 жніўня ў аэрапорце Лейпцыга побач з украінскім грузавым самалётам Ан-124 быў знойдзены дрон з выбухоўкай. Нямецкія ўлады заявілі, што за спробай дыверсіі стаяць расійскія спецслужбы. У сувязі з інцыдэнтам Германія закрывае генконсульства Расіі ў Боне і «Рускі дом» у Берліне, а таксама ўзмацняе кантроль пры ўездзе для грамадзян Расіі і ўзмацняе ціск на расійскі ценявы флот.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.