Reform.news

Беларусь выкарыстоўваецца для зніжэння плацяжоў у бюджэт пры пастаўках падсанкцыйных тавараў у Расію — БРЦ

Рэдакцыя Reform.news · 29 верасня 2026, 10:37

https://reform.news/be/belarus-vykarysto-vaecca-dlja-znizhjennja-placjazho-u-bjudzhjet-pry-pasta-kah-padsankcyjnyh-tavara-u-rasiju-brc/

Беларускі расследавальніцкі цэнтр расказаў пра невідавочную ролю Беларусі ў пастаўках падсанкцыйных тавараў у Расію. Наша краіна ў выніку з’яўляецца «дзіркай» не толькі для еўрапейскіх санкцый, але і для расійскага бюджэту.

Як расказаў журналістам БРЦ спецыяліст у галіне лагістыкі, першая выгада паставак падсанкцыйных тавараў праз Беларусь можа заключацца для расійскага імпарцёра ў аптымізацыі мытных плацяжоў.

Перад адпраўкай у Расію, як правіла, падсанкцыйны тавар некалькі разоў перапрадаецца паміж рознымі фірмамі. У ланцужку могуць удзельнічаць некалькі кампаній з розных краін, кожная з якіх вымушаная рабіць нацэнку. Калі везці наўпрост у Расію, то расійскія мытныя органы будуць бачыць увесь ланцужок, што адаб’ецца на цане тавару ў працэсе дэкларавання і памеры пошлін.

«Таму прасцей зрабіць крук праз Беларусь, занізіць цану да мінімальнага ўзроўню. І, адпаведна, потым прадаюць у Расію», — растлумачыў суразмоўца БРЦ.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр у якасці прыкладу спасылаецца на даныя сваіх расследаванняў. Напрыклад, у пачатку 2024 года кампанія «Брандсхандель» паставіла ў Расію фінскія гадзіннікі коштам каля 13 долараў за штуку. Аднак расследавальнікі выявілі, што аптовая цана на гэтыя ж гадзіннікі пры пастаўках з Турцыі ў Туркменістан склала амаль 270 долараў. Кампанія «Брандсхандель», паводле інфармацыі БРЦ, звязаная з Віктарам Шэйманам. З пачатку 2024 года праз яе прайшлі ў РФ тавары больш чым на 400 тыс. долараў.

Другая выгада ад паставак праз Беларусь звязаная з пытаннямі сертыфікацыі. На многія тавары патрэбны сертыфікат паходжання. У Расіі, як правіла, не прымаюць па ланцужках сертыфікаты паходжання, таму што адпраўнік і атрымальнік там не супадаюць. У выніку таксама даводзіцца плаціць павышаныя пошліны.

«У Беларусі сертыфікат можна перарабіць праз БелГПП, адпаведна, пазбегнуць яшчэ дадатковых плацяжоў», — сказаў суразмоўца БРЦ.

Выкарыстанне схем скарацілася ў сярэдзіне 2024 года, калі быў забаронены транзіт шэрагу тавараў з ЕС праз Беларусь, што ўскладніла «ілжывы транзіт», калі ў якасці атрымальніка пазначалася кампанія з Цэнтральнай Азіі або Паўднёвага Каўказа. Аднак забарона датычыцца не ўсіх санкцыйных тавараў, да таго ж застаюцца пастаўкі праз трэція краіны.

Рэклама

Пакінуць адказ