Беларусь кліча ў госці прэзідэнта Лаоса

Беларусь пацвердзіла гатоўнасць прыняць з афіцыйным візітам прэзідэнта Лаоса Тхонглуна Сісуліта па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў сёння на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Лаоса Майтхонгам Тхаммавонгсам.

Рыжанкоў таксама аднавіў запрашэнне свайму калегу, намесніку прэм’ер-міністра — міністру замежных спраў Лаоса Тхонгсавану Фамвіхану наведаць Беларусь з візітам у адказ.

Рыжанкоў і Тхаммавонгса адзначылі ўзаемную зацікаўленасць у далейшым развіцці шматпланавага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Лаосам, надалі асаблівую ўвагу ўзаемадзеянню знешнепалітычных ведамстваў у найбліжэйшай перспектыве, а таксама сумесным крокам па рэалізацыі дамоўленасцей у гандлёва-эканамічнай сферы, паведамляе прэс-служба МЗС.

Таксама лаоская дэлегацыя на чале з Тхаммавонгсам узяла ўдзел у чацвёртым раўндзе кансультацый па агульнапалітычных пытаннях паміж МЗС Беларусі і МЗС Лаоса.

«Бакі абмеркавалі актуальны стан і перспектывы развіцця ўзаемадзеяння, уключаючы арганізацыю сумесных мерапрыемстваў. Разгледзелі пытанні супрацоўніцтва ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай сферах, удасканалення дагаворна-прававой базы, узаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях. Абмяняліся меркаваннямі па асобных пытаннях рэгіянальнага і глабальнага парадкаў дня», — паведамляе МЗС.

Фота: МЗС
Фота: МЗС
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!