Скриншот видео t.me/sputnikby
Расійская кампанія «ГЛОНАСС» тэстуе шэраг сваіх тэхналогій у сферы беспілотнікаў сумесна з Беларуссю. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар кампаніі Аляксей Райкевіч на палях Міжнароднага транспартна-лагістычнага форуму ў Мінску, піша Sputnik.
Паводле яго слоў, кампанія ўжо выпрабавала дрон на тэрыторыі Беларусі з падключэннем да расійскай платформы «Адзіная сістэма ідэнтыфікацыі».
«Мы дрон вазілі ў Беларусь, ён быў падключаны да платформы. Мы яго назіралі, здымалі з яго характарыстыкі. Працуе роўмінг, гэта значыць хоць сёння ляці, як кажуць, але з пункту гледжання нарматыўкі яшчэ трэба будзе пэўная праца», — сказаў Райкевіч.
Канчатковай мэтай ён назваў стварэнне бясшоўнай трансгранічнай беспілотнай лагістыкі ў межах Саюзнай дзяржавы. Кіраўнік кампаніі адзначыў, што для гэтага неабходна адзіная інфармацыйная прастора, каб дрон, пакідаючы паветраную прастору адной краіны, заставаўся пад назіраннем ведамстваў абедзвюх краін адначасова.
Паводле яго слоў, тэхнічна кампанія да гэтага гатова, аднак яшчэ трэба будзе праца па нарматыўнай базе і атрыманні дазволаў адпаведных рэгулятараў, у тым ліку сілавых структур.