Фото: правительство Беларуси
Ва Узбекістане з візітам знаходзіцца беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Віктарам Каранкевічам.
20 ліпеня дэлегацыя сустрэлася з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым.
Бакі абмеркавалі пытанні актывізацыі беларуска-ўзбекскіх адносін стратэгічнага партнёрства і канстатавалі плённыя вынікі афіцыйнага візіту Мірзіёева ў Мінск 8–9 ліпеня.
«Асаблівы акцэнт зроблены на важнасці няўхільнага і своечасовага выканання прынятага Плана мерапрыемстваў, які прадугледжвае нарошчванне ўзаемнага тавараабароту да 2 млрд долараў і актыўнае прасоўванне кааперацыйных праектаў у ключавых сферах эканомікі», — паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.
Таксама абмяркоўвалася магчымасць выкарыстаць беларускі досвед і кампетэнцыі ў стварэнні першай АЭС ва Узбекістане.
«Гаворка ідзе пра экспертнае суправаджэнне падчас праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі будучай станцыі, падрыхтоўку нацыянальных кадраў у галіне і запуск сумесных праграм паміж профільнымі ВНУ», — заяўляе прэс-служба прэзідэнта Узбекістана.