Банк развіцця Беларусі заявіў аб гатоўнасці аднавіць дыялог з міжнароднымі партнёрамі

Банк развіцця Беларусі афіцыйна паведаміў аб адмене ўсіх санкцый, раней уведзеных міністэрствам фінансаў ЗША. Адпаведнае рашэнне апублікавана 26 сакавіка на афіцыйным сайце ўпраўлення па кантролі за замежнымі актывамі OFAC і ўступіла ў сілу з даты публікацыі.

У банку назвалі гэта рашэнне важным этапам, які адкрывае новыя магчымасці для прыцягнення доўгатэрміновых інвестыцый, падтрымкі экспарту і міжнароднага супрацоўніцтва. Банк заявіў аб гатоўнасці аднавіць дыялог з усімі міжнароднымі фінансавымі партнёрамі “на прынцыпах узаемнай выгады і захавання міжнародных стандартаў”.

Аб зняцці санкцый ЗША з «Белінвестбанка», Банка развіцця Беларусі і Міністэрства фінансаў было абвешчана 19 сакавіка па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла. Сёння паведамлялася, што Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі OFAC абвясціла аб адмене санкцый, таксама са санкцыйных спісаў выключаны Беларуская калійная кампанія і “Беларуськалій”.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!