АПК абвясціў пра ўзнагароджанне праваабаронцаў, дзеячаў культуры і замежных партнёраў

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі прыняў рашэнне аб узнагароджанні шэрагу грамадскіх, культурных і праваабарончых дзеячаў. Адпаведныя пастановы 31 ліпеня падпісала кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаныя харавы дырыжор, кампазітар і музычны педагог Галіна Казіміроўская, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы, педагог і арганізатар культурных праектаў Юрый Астапчук, а таксама спявачка, педагог і арганізатар культурных ініцыятыў у Польшчы Багуслава Карчэўска.

Медалём «Непакораных (Ларысы Геніюш)» адзначаны праваабаронца, сябра рады Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч.

Медалём «За плённую працу на карысць Беларусі» ўзнагароджаныя дзеячка культуры і журналістка, захавальніца культурнай спадчыны народнага пісьменніка Васіля Быкава Ірына Быкава (пасмяротна), спявачка, паэтка і музыка Кацярына Каланчук-Ваданосава, літоўскі юрыст, доктар права і прафесар Дайнюс Жалімас, а таксама ўкраінскі палітык, юрыст і народны дэпутат Вярхоўнай Рады Сяргей Собалеў.

Яшчэ адзін чалавек будзе ўзнагароджаны непублічна Крыжам Свабоды. У АПК адзначылі, што ўзнагарода прысуджаная за асабісты грамадзянскі ўчынак, які стаў сімвалам барацьбы беларусаў за свабоду, а таксама за шматгадовую дзейнасць у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Арганізацыю паведамлення ўзнагароджаных і іх сваякоў, а таксама правядзенне ўрачыстай цырымоніі ўручэння даручана прадстаўніку АПК па нацыянальным адраджэнні Паўлу Баркоўскаму.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!