Аляксандраў на медыяканферэнцыі ў Вільні: Ведаў пра большасць з вас, справа працягваецца, можна спакойна збіваць паддоны
Рэдакцыя Reform.news · 18 верасня 2026, 11:50
https://reform.news/be/aljaksandra-na-medyjakanferjencyi-vilni-veda-pra-bolshasc-z-vas-sprava-pracjagvaecca-mozhna-spakojna-zbivac-paddony/У Вільні 18 верасня пачалася канферэнцыя «Беларускія медыя: якасць, давер, стандарты». Сярод удзельнікаў мерапрыемства выступіў адзін з заснавальнікаў прэміі «Вольнае слова» Андрэй Аляксандраў, вызвалены з турмы два дні таму, піша БАЖ.
У сваім выступе Аляксандраў падзякаваў беларускім журналістам за тое, што яны працягваюць працаваць у прафесіі.
«Я проста хачу вас падзякаваць за тое, што вы ёсць, за тое, што вы такія крутыя. За тое, што вы працягваеце працаваць у прафесіі, за тое, што беларуская журналістыка працягваецца», — сказаў ён.
Аляксандраў таксама падзякаваў людзям, якія падтрымлівалі яго сям’ю падчас зняволення.
“Мой бацька працаваў маім «прэс-сакратаром» апошнім часам — і я ведаў пра большасць з вас, пра ўсіх маіх сяброў, калег, пра людзей, з якімі я працаваў у БАЖ і БелаПАН, і пра тое, што яны працягваюць працаваць. І гэта вельмі-вельмі важна. Гэта проста давала мне кожны дзень ведаць, што ўсё ў парадку: людзі працуюць, справа працягваецца, можна спакойна збіваць паддоны, і галава ў цябе не павінна балець за нейкія справы”, — адзначыў ён.
“З намі свет не скончыўся, і мы не заканчваемся, таму што мы ёсць адно ў аднаго, і нейкія краты — гэта проста ўмоўнасць. Гэта проста такія абставіны. Але мы мацнейшыя за абставіны, таму што мы разам. Мне вельмі прыемна быць у кампаніі нармальных людзей, прынамсі з валасамі на галаве. Вялікі вам дзякуй», — дадаў Аляксандраў.
На канферэнцыі абмяркоўваюцца ўмовы і стандарты працы беларускіх медыя, давер аўдыторыі, а таксама выклікі і поспехі незалежных выданняў. У рамках мерапрыемства запланаваныя дзве панэльныя дыскусіі: «Якасць журналістыкі ва ўмовах абмежавання свабоды слова» і «Журналісцкія расследаванні ў 2026 годзе: прарывы, пытанні, праблемы”. У другой палове дня адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу БАЖ «Вольнае слова».
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна былі затрыманыя ў студзені 2021 года. У верасні 2022 года яны пажаніліся ў СІЗА. У пачатку кастрычніка 2022 года Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў калоніі, а Ірыну Злобіну — на 9 гадоў. За аплату штрафаў і паслуг адвакатаў затрыманым на пратэстах Аляксандрава абвінавацілі ў стварэнні “экстрэмісцкага фарміравання”, здрадзе дзяржаве, нявыплаце падаткаў у буйным памеры, падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках, Злобіну — у здрадзе дзяржаве і падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках.
У наваполацкай калоніі Аляксандраў працаваў у дрэваапрацоўчым цэху і збіваў скрыні і паддоны. Ірына Злобіна ў гомельскай калоніі шыла футболкі.
Аляксандраў і Злобіна былі сярод 25 чалавек, вызваленых 16 верасня 2026 года, у выніку перамоў Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі. Іх вывезлі з Беларусі ў Літву.
