Абвешчаны поўны спіс намінантаў на прэмію імя Ежы Гедройця. Хто ж у ім?

Дваццаць дзве кнігі беларускіх аўтараў і аўтарак увайшлі сёлета ў поўны спіс адной з найгалоўных узнагарод беларускай літаратуры – Прэміі Ежы Гедройця. Сёлетная эдыцыя Прэміі ладзіцца ўжо ў пятнаццаты раз.

“Сёлетні поўны спіс прэміі імя Ежы Гедройця адлюстроўвае разнастайнасць сучаснай беларускай літаратуры – ад раманаў і рэпартажаў да эсэістыкі і эксперыментальных тэкстаў. У спіс увайшлі кнігі, выдадзеныя ў розных краінах і фарматах, часам пад псеўданімамі. У некаторых выпадках сапраўдныя імёны і назвы твораў раскрываюцца толькі для журы, што адлюстроўвае спецыфіку сучаснага літаратурнага працэсу і ўмовы, у якіх ён адбываецца”, – адзначаюць арганізатары ўзнагароды – Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

Гэтым разам у склад публічнага журы ўвайшлі вядомыя крытыкі, аўтары і перакладчыкі: пісьменнік, культуролаг, рэдактар, Сяргей Календа, беларускі журналіст і літаратар, лаўрэат прэміі Гедройця мінулага года Сяргей Дубавец, перакладчыца, рэдактарка і літаратуразнаўца Яана Бэрнатовіч, беларускі драматург, крытык, паэт, літаратуразнаўца Сяргей Кавалёў, пісьменніца, перакладчыца і літаратуразнаўца Ганна Янкута.

Кнігі, уключаныя ў поўны спіс, былі выдадзены як у Беларусі, так і за яе межамі – у Польшчы, Літве ды іншых краінах. Прэмія традыцыйна адзначае кнігі, што вызначаюцца мастацкай якасцю, інтэлектуальнай глыбінёй і здольнасцю асэнсоўваць актуальныя выклікі часу.

Поўны спіс прэміі ў 2026 годзе выглядае так:

  1. «Ніці» – Макар (Янушкевіч, 2025)
  2. «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер» – Зміцер Вішнёў (Skaryna Press, 2025)
  3. «Вера – дачка флібусцьера» – Валянцін Вяркееў (Gutenberg Publisher, 2025)
  4. «Цесля жыцця» – Сяргей Дубаўцэвіч (зашыфраваны ўдзел)
  5. «Пляц» – Зміцер Залозны (зашыфраваны ўдзел)
  6. «Дамашаны» – Антон Зарэмба (зашыфраваны ўдзел)
  7. «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» – Ганна Кандрацюк (Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, 2025)
  8. «Халодныя землі» – Аляксандр Карнаўх (Gutenberg Publisher, 2025)
  9. «Лірнік» – Аляксандр Касцюковіч (зашыфраваны ўдзел)
  10. «Хто ты, дрон?» – Ганна Кручкова (Gutenberg Publisher, 2025)
  11. «Mosa» – Зміцер Крэс (Логвінаў, 2025)
  12. «Значныя дні» – Цімур Кудзеліч (Skaryna Press, 2025)
  13. «Гульня ў Освальда. Quest» – Аляксандар Лукашук (Kamunikat.org, 2025)
  14. «Яблык у валізцы» – Уладзіслаў Наважылаў (Grunwald Publishing, 2025)
  15. «Дагарала кастрышча» – Язэп Панямонскіх (зашыфраваны ўдзел)
  16. «Эйфарыя» – Марыя Пархімчык (Пфляўмбаўм, 2025)
  17. «Цягнік да Познаня» – Аляксей Правалоцкі (Gutenberg Publisher, 2025)
  18. «Радзіна» – Збых Слупоўскі (Галіяфы, Maraton, 2025)
  19. «Боў і смерць у Хротне» – Дзяніс Трусаў (Kamunikat.org, 2025)
  20. «Раз два тры чатыры два» – Пётр Уманскі (RozUM Media, 2025)
  21. «Пентаквантар» (кнігі 1 і 2) – Арцём Шуканаў (Gutenberg Publisher, 2025)
  22. «Спроба эксперыментальнага канструявання сябе» (кнігі 1 і 2) – Макс Шчур (SayBeat, 2025)

Наступным этапам стане фармаванне доўгага спісу, у які ўвойдуць найбольш моцныя, паводле ацэнкі журы, творы. Фіналісты будуць абвешчаны асобна.

Фінальная цырымонія ўзнагароджання пераможцы стане адной з ключавых падзей літаратурнага года і адбудзецца 7 лістапада ў Гданьску.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!