ААН прызнала злачынствам супраць чалавечнасці перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь

ААН прызнала дэпартацыю і перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь злачынствам супраць чалавечнасці. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Незалежнай міжнароднай камісіі па расследаванні сітуацыі ва Украіне, піша Reuters.

«У гэтым дакладзе камісія прыйшла да высновы, што злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, учыненыя расійскімі ўладамі, былі накіраваныя супраць дзяцей, якія з’яўляюцца аднымі з найбольш уразлівых ахвяр», — гаворыцца ў дакладзе.

Камісія адзначае, што такія злачынствы маюць незваротныя наступствы для жыцця і будучыні дзяцей.

Украіна заяўляе, што ў Расію і Беларусь былі незаконна вывезены амаль 20 тысяч дзяцей. Некаторыя з іх праходзяць ваенную падрыхтоўку і могуць быць прымушаныя ваяваць супраць украінскіх войскаў.

У дакладзе прааналізаваны выпадкі 1205 дзяцей з пяці рэгіёнаў Украіны. З іх 80% да гэтага часу не вярнуліся дадому.

«Дэпартацыі і перамяшчэнні адбываліся з розных месцаў на шырокай тэрыторыі акупаваных Расіяй раёнаў Украіны па ўсталяванай схеме дзеянняў, што ўказвае на іх шырокамаштабны і сістэмны характар», — гаворыцца ў дакуменце.

Адзначаецца, што дзеянні па дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей каардынаваліся ў Расіі на самым высокім узроўні.

Паводле даных Народнага антыкрызіснага ўпраўлення на 2025 год, з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны агульная колькасць украінскіх дзяцей, гвалтоўна перамешчаных у Беларусь, перавысіла 3500 чалавек.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!