У Беларусі пачаўся закрыты суд над сужэнцамі, якія займаліся дабрачыннай і місіянерскай дзейнасцю
Рэдакцыя Reform.news · 27 лістапада 2026, 17:02
https://reform.news/be/u-belarusi-pacha-sja-zakryty-sud-nad-suzhjencami-jakija-zajmalisja-dabrachynnaj-i-misijanerskaj-dzejnascju/У Беларусі пачаўся закрыты судовы працэс над палітвязнямі Андрэем і Варварай Латышэвічамі, якія шмат гадоў займаліся дабрачыннай і місіянерскай дзейнасцю. Сужэнцаў абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве», піша «Хрысціянская візія» са спасылкай на іх даўнюю знаёмую Ірыну Ганчарэнку.
Паводле яе слоў, пасля 9 месяцаў следства судовыя пасяджэнні працягваліся больш за тыдзень, аднак затым працэс адклалі да 9 снежня.
Андрэй і Варвара Латышэвічы знаходзяцца пад вартай з сакавіка 2026 года. Андрэя затрымалі ў Маскве і экстрадавалі ў Беларусь.
Паводле наяўных звестак, крымінальны пераслед сужэнцаў звязаны з аказаннем дапамогі жыхарам акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, у тым ліку дзецям. 30 чэрвеня беларускія праваабаронцы прызналі Латышэвічаў палітвязнямі.
Сужэнцы з’яўляюцца евангельскімі вернікамі. Яны стаялі ля вытокаў дабрачыннага грамадскага аб’яднання «З любоўю — дзецям», заснаванага ў 1997 годзе і ліквідаванага ў 2025-м. Латышэвічы шмат гадоў дапамагалі дзецям-сіротам і людзям з парушэннямі слыху, займаліся місіянерскай дзейнасцю ў Манголіі, піша рэсурс.
У сужэнцаў трое дзяцей, адна з дачок непаўналетняя. Сваё 52-годдзе Андрэй Латышэвіч сустракае за кратамі.
