«Марозпрадукт» выпусціў пельмені ў новай упакоўцы — і беларусы яе захейцілі
Рэдакцыя Reform.news · 26 лістапада 2026, 14:27
https://reform.news/be/marozpradukt-vypusci-pelmeni-novaj-upako-cy-i-belarusy-jae-zahejcili/Гендырэктар «Марозпрадукта» Іван Дабудзька паказаў у Threads новую ўпакоўку пельменяў «Мар’іна» і папрасіў ацаніць дызайн: «Хлопцы, як вам візуал? Хто спрабаваў? Напішыце!! Гэта овер важна для мяне!» Пад пастом сабралася амаль 300 каментароў прыкладна на адну тэму: дызайн занадта «расійскі».
На фота ў пасце — цёмна-зялёныя пачкі з велізарнай літарай «М» і слоганам «лёгка гатаваць, смачна жыць». Знак «Зроблена ў Беларусі» на іх ёсць, але ледзь прыкметны.

У каментарах многія беларусы прызнаюцца, што і раней не куплялі пельмені «Мар’іна» праз асацыяцыю з аднайменным раёнам Масквы. Але стары дызайн быў «хатнім», упакоўка адсылала да традыцыйнай кухні, хоць і таксама не мела нацыянальнай афарбоўкі.

Цяпер жа яна нагадвае людзям расійскія сеткі «Міраторг», «Магніт» і мінімалістычную тыпаграфіку, папулярную ў расійскіх брэндаў. А разам з усім гэтым «у дадатак ідзе асацыяцыя з расійскай якасцю», — пішуць беларусы ў каментарах.
«Падумала б, што гэта расійскі вытворца, і прайшла б міма», — піша nikolaenkoarina.
«Заўсёды абыходзіў бокам, мяркуючы, што гэта нейкая “расійская дрысня”. Тое, што Вы выпускаеце, — стала адкрыццём! Але неймінг усё роўна так сабе…» — піша e_zinovich.
«Увогуле ніякіх асацыяцый з беларускім прадуктам. Убачыўшы ў краме, прайшла б міма, думаючы, што гэта расійскія пельмені», — піша alenakrytskaya.
«Асацыяцый няма, таму што мы іх і не спрабавалі стварыць», — адказаў гендырэктар прадпрыемства.
«Падобна да СТМ расійскага Магніта. Ды і ў цэлым візуал вельмі “расійскі”», — піша america2709.
«Нядрэнна. Значыць, расійскія сеткі цяпер стануць у чаргу па нашы пельмені», — адказаў гендырэктар «Марозпрадукта», але гэта толькі падагрэла крытыку.
«Дык тады і пытайцеся ў расіян. У нас за гэта – толькі за каўнер», — напісала pankaraban1.
«Можаце далей сябе пераконваць, што продажы пойдуць. Вы вынеслі вялікімі літарамі назву раёна Масквы (першая асацыяцыя) у колерах і шрыфце „Перакростка“, але мы аддадзім перавагу беларускім прадуктам!» — піша jellyfish.dff.
«Трэба было назваць „Бірулёва Усходняе“», — жартуе ў каментарах dra.nick.
Насамрэч назва пельменяў паходзіць ад Мар’інай Горкі, дзе працуе завод.
«Толькі калі выпусцілі на рынак, зразумелі, што злавілі гэтую асацыяцыю ў спажыўца», — прызнаўся Іван Дабудзька. Перайменаванне ён лічыць праблемай: марка, паводле яго слоў, прадаецца з 2017 года, і працу з пакупніком давялося б пачынаць з нуля.
Частка аўдыторыі адзначыла, што беларуская мова вырашыла б гэтую праблему і выклікала б давер да прадукту за ўсходняй мяжой, бо там таксама цэняць якасць нашай прадукцыі.

Карыстальнік sergeve выклаў уласны варыянт — пачку «Мар’іна» з арнаментам і надпісам «З Мар’інай Горкі з любоўю!» — і падпісаў: «Проста параўнайце».

Пры гэтым смак пельменяў у каментарах многія хваляць, і прэтэнзіі ў людзей толькі да ўпакоўкі і неймінгу.
Пасля паста з пытаннем пра дызайн гендырэктар вытворцы выклаў новы: «Пакуль у мінулым пасце ідзе срач наконт таго, на якой мове павінна быць напісана і на якую стм з расійскіх сетак мы больш падобныя😅 мы паціху выкладваемся на паліцу ў новым дызайне», — напісаў Іван Дабудзька, хоць гаворка ў каментарах у асноўным ішла пра дызайн упакоўкі, а не пра мову надпісаў.

Пасля такога заходу каментары сталі больш жорсткімі, а некаторыя беларусы нават паабяцалі адмовіцца ад прадукцыі, якую любілі.
«Пабачыла, як прадстаўнік гэтага ж брэнда піша пра срач пад мінулай публікацыяй з-за мовы. І так брыдка стала. Шкада, бо пельмені добрыя ў іх. Але цяпер я іх браць не буду», — напісала alesita.arest на сваёй старонцы. Меркаванне аказалася даволі папулярным.

