Reform.news

Былы віцэ-прэм’ер Шулейка адпраўлены на “канкрэтны ўчастак” у Гродзенскую вобласць

Рэдакцыя Reform.news · 23 лістапада 2026, 13:26

https://reform.news/be/byly-vicje-prjem-er-shulejka-adpra-leny-na-kankrjetny-chastak-u-grodzenskuju-voblasc/

Віцэ-прэм’ер Юрый Шулейка, які адказваў за АПК, працягне працаваць на “канкрэтным участку” ў Гродзенскай вобласці. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы пераемніка Шулейкі. Пасаду віцэ-прэм’ера, які адказвае за сельскую гаспадарку, заняў памочнік-інспектар па Брэсцкай вобласці Аляксандр Ломскі.

“Юрый Вітольдавіч Шулейка ў нас накіроўваецца на працу на канкрэтны ўчастак у Гродзенскую вобласць. Гэта таксама для нас такая добрая падмога ў Гродзенскай вобласці. І ён павінен разумець, што туды не адпачываць ідзе. А мы ад яго чакаем, я перш за ўсё чакаю, выніку ў галіне сельскай гаспадаркі і арганізацыі справы ў сельскай гаспадарцы і ў перапрацоўцы”, – сказаў Лукашэнка, не ўдакладніўшы, якую менавіта пасаду зойме Шулейка.

Даючы наказы новаму віцэ-прэм’еру, Лукашэнка таксама намякнуў на магчымую прычыну адстаўкі яго папярэдніка. Паводле яго слоў, галоўнай задачай Ломскага на пасадзе будуць продажы сельгаспрадукцыі. Пры гэтым ён адзначыў, што некаторы час таму былі праблемы са збытам сметанковага масла.

“Я спецыяльна падтрымліваў гэтую тэму. Мы не маглі разабрацца з гэтым сметанковым маслам. Ні віцэ-прэм’ер, ні Міністэрства сельскай гаспадаркі. Дзякуй богу, цяпер у нас быццам бы тут усё нармальна з продажамі і мы маем добры вынік ад сельскай гаспадаркі”, – сказаў Лукашэнка.

Трэба адзначыць, што апошнім часам Лукашэнка прызначае на пасаду віцэ-прэм’ера, які адказвае за АПК, людзей, звязаных з Брэсцкай вобласцю. Да прыходу ва ўрад Шулейка ўзначальваў Брэсцкі аблвыканкам.

Рэклама

Пакінуць адказ