Жонка Джона Коўла абурылася патрабаваннямі пры зацвярджэнні яго кандыдатуры на пасаду ў Дзярждэпе: «Наш урад звар’яцеў»
Рэдакцыя Reform.news · 6 лістапада 2026, 13:05
https://reform.news/be/zhonka-dzhona-ko-la-aburylasja-patrabavannjami-pry-zacvjardzhjenni-jago-kandydatury-na-pasadu-dzjarzhdjepe-nash-urad-zvar-jace/Жонка спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла, журналістка Грэта ван Сустэрэн расказала пра цяжкасці, якія ўзніклі пры праверцы яе мужа перад зацвярджэннем на пасаду ў Дзярждэпартаменце, якая адказвае за вызваленне амерыканцаў з замежных турмаў. Паводле яе слоў, у рамках працэдуры ў яе запыталі звесткі пра месцы нараджэння бацькоў, якія памерлі некалькі дзесяцігоддзяў таму, а ад самога Коўла запатрабавалі адзнакі з універсітэта, які ён скончыў 54 гады таму.
У сваіх пастах у X яна назвала працэдуру абсурднай і раскрытыкавала амерыканскія ўлады за бюракратычныя патрабаванні.
“ГЭТА ВАР’ЯЦТВА… НАШ УРАД ЗВАР’ЯЦЕЎ. Джон Коўл дамогся вызвалення больш як 900 чалавек з турмаў у Беларусі. Трамп вылучыў яго на пасаду кіраўніка падраздзялення ў Дзярждэпартаменце, якое займаецца вызваленнем амерыканцаў, незаконна ўтрыманых у замежных турмах. Аднак яго кандыдатуру павінен зацвердзіць Сенат, а сама працэдура — проста абсурд.
Сёння ад яго запатрабавалі адзнакі з каледжа (які ён скончыў 54 гады таму!). Яму давялося тэлефанаваць у Мэрылендскі ўніверсітэт, але там адмовіліся даць даныя, пакуль ён не назаве нумар тэлефона, якім карыстаўся ў 1969 годзе, — а ён паняцця не мае, які ў яго тады быў нумар… І ўсё гэта — дзеля таго, каб дапамагчы вярнуць амерыканцаў дадому!” – напісала яна, пазначыўшы акаўнты прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і дзяржсакратара Марка Рубіа.
Акрамя таго, падчас праверкі кандыдатуры Коўла ёй патэлефанавалі і папрасілі назваць месцы нараджэння бацькі і маці, расказала ван Сустэрэн.
“Ой… гэта яшчэ не ўсё… У рамках падрыхтоўкі да канфірмацыі майго мужа мне патэлефанавалі і спыталі, дзе нарадзіўся мой бацька… Я паняцця не маю… Ён нарадзіўся ў 1914 годзе (гэта я ведаю) і вырас у маленькім гарадку ў Вісконсіне, дзе не было бальніцы… А памёр ён амаль 40 гадоў таму… У тым маленькім гарадку, дзе ён вырас, дагэтуль няма бальніцы… Увогуле, я проста выказала здагадку! Я проста назвала бальніцу ў суседнім гарадку… дзе нарадзілася я сама… але гэта можа быць няправільна… я паняцця не маю”, – паскардзілася яна.
“І ГЭТА ЯШЧЭ НЕ ЎСЁ… Мне патэлефанавалі проста падчас працоўнага дня ў сувязі з канфірмацыяй майго мужа і спыталі, дзе нарадзілася мая маці. Я паняцця не маю. Яна нарадзілася ў 1911 годзе і памерла больш за 25 гадоў таму. Я выказала здагадку, што ў тым гарадку, дзе яна вырасла, у паўночнай частцы штата Нью-Ёрк — а гэта я дакладна ведаю — была бальніца, але, як заўсёды мне шанцуе, гэтую бальніцу знеслі 60 гадоў таму і замянілі нейкай іншай бальніцай з іншай назвай. УСЁ ГЭТА ТАМУ, ШТО МОЙ МУЖ ХОЧА ВЯРНУЦЬ АМЕРЫКАНЦАЎ ДАДОМУ. Урад сапраўды вар’яцее, прымушаючы людзей, якія хочуць дапамагчы, праходзіць праз усе гэтыя недарэчныя працэдуры”, – дададала журналістка.
Ван Сустэрэн іранізуе, што, калі яе здагадкі наконт бацькоў апынуцца няправільнымі і яе абвінавацяць у хлусні, Коўлу давядзецца дамагацца яе вызвалення разам з іншымі закладнікамі.
