Reform.news

Невядомыя рассылаюць заклікі «спыніць крытыку» ад імя Офіса Ціханоўскай

Рэдакцыя Reform.news · 5 лістапада 2026, 15:58

https://reform.news/be/nevjadomyja-rassylajuc-zakliki-spynic-krytyku-ad-imja-ofisa-cihano-skaj/

Былыя палітвязні і актывісты атрымліваюць асабістыя паведамленні ад людзей, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі Офіса Святланы Ціханоўскай і заклікаюць спыніць публічную крытыку.

Паводле інфармацыі Офіса Ціханоўскай, у паведамленнях, у тым ліку з акаўнта @prisoners_manager, адпраўнікі патрабуюць «спыніць крытыку» і «не падрываць давер донараў», заяўляючы, што публічныя выказванні нібыта шкодзяць дапамозе людзям, якія застаюцца за кратамі.

У Офісе лідара дэмсіл заявілі, што не маюць дачынення да гэтых паведамленняў, не звярталіся да былых палітвязняў з падобнымі патрабаваннямі і не выкарыстоўваюць ананімныя акаўнты для сувязі.

“Мы расцэньваем гэтыя дзеянні як магчымую правакацыю, накіраваную на падрыў даверу і стварэнне канфліктаў у беларускай супольнасці. Не выключаем, што за такімі паведамленнямі могуць стаяць спецслужбы рэжыму. Заклікаем памятаць, што падобныя кантакты могуць быць спробай атрымаць асабістую інфармацыю пра былых палітвязняў, іх сувязі і месцазнаходжанне”, – заявілі ў Офісе.

Тым, хто атрымаў такія паведамленні, рэкамендуюць не адказваць на іх, не пераходзіць па спасылках і не перадаваць асабістую інфармацыю. Офіс таксама раіць зрабіць скрыншот перапіскі, заблакіраваць акаўнт і паскардзіцца на яго. Праверыць сапраўднасць звароту можна праз афіцыйныя каналы.

Рэклама

Пакінуць адказ