Сярэдні заробак у Беларусі апусціўся ніжэй за 3100 рублёў у верасні
Рэдакцыя Reform.news · 26 кастрычніка 2026, 11:18
https://reform.news/be/sjarjedni-zarobak-u-belarusi-apusci-sja-nizhjej-za-3100-rubljo-u-verasni/Сярэдні заробак у верасні знізіўся на 36,6 рубля. Ён склаў 3099,3 рубля да выплаты падаходнага падатку. Пра гэта паведаміў Белстат. Апошні раз сярэдні заробак быў ніжэй за 3100 рублёў у маі.
У рэальным выражэнні з папраўкай на інфляцыю сярэдні заробак па краіне вырас на 7,4% у параўнанні з вераснем мінулага года.
У Мінску вераснёўскі сярэдні заробак склаў 4021 рубель, скараціўшыся за месяц на 11,8 рубля. У рэальным выражэнні сталічны сярэдні заробак за год павялічыўся на 5,3%. У Мінскай вобласці сярэдні заробак у верасні перавысіў 3200 рублёў. У Гродзенскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцях ён быў больш за 2700 рублёў. Самым нізкім быў сярэдні заробак у Магілёўскай вобласці. Ён склаў 2612,4 рубля, павялічыўшыся за год у рэальным выражэнні на 7,9%.
Першае месца ў рэйтынгу заробкаў у жніўні займалі работнікі дапаможнай дзейнасці ў сферы фінансавых паслуг і страхавання з сярэднім заробкам 9161,7 рубля, што на 1340,6 рубля больш, чым у жніўні. На другім месцы – работнікі пасажырскага паветранага транспарту. Іх сярэдні заробак склаў 8613,3 рубля, павялічыўшыся ў параўнанні са жніўнем на 60 рублёў. На трэцім — прадстаўнікі IT з 7739,5 рубля.
Самы нізкі заробак сярод галін, паводле даных Белстата, атрымлівалі ў верасні работнікі цырульняў і салонаў прыгажосці. Ён склаў 1730,8 рубля. Работнікі музеяў, бібліятэк і архіваў мелі 1938,4 рубля, а работнікі творчай дзейнасці і сферы забаў — 1914,8 рубля.
Сярэднія заробкі ў раслінаводстве склалі ў верасні 2821,2 рубля, у жывёлагадоўлі — 2546,1 рубля. У апрацоўчай прамысловасці сярэдні заробак склаў 3234,2 рубля, а ў горназдабыўной — 5355,8 рубля.
У будаўніцтве ў сярэднім да выплаты падаткаў атрымалі 4147,1 рубля, а ў рознічным гандлі — 2487,5 рубля.
Сярэдні заробак у ахове здароўя складаў 2510,5 рубля, а ў адукацыі — 2085 рублёў.

