Пракуратура знайшла «экстрэмісцкія» вокладкі на дакументы на Ozon
Рэдакцыя Reform.news · 20 кастрычніка 2026, 23:02
https://reform.news/be/prakuratura-znajshla-jekstrjemisckija-vokladki-na-dakumenty-na-ozon/Баранавіцкая пракуратура знайшла вокладкі на дакументы з гербам «Пагоня» на маркетплэйсе Ozon. Ад прадаўца запатрабавалі прыбраць тавар.
«У прыватнасці, прадавец рэалізоўваў набор вокладак для дакументаў з нанесенай на іх выявай палос бела-чырвона-белых колераў і вершніка белага колеру на чырвоным фоне на кані з мячом і шчытом у руках», — заяўляе пракуратура Брэсцкай вобласці і нагадвае, што такія выявы прызнаныя ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
У пракуратуры лічаць, што вокладкі з «Пагоняй» могуць быць прададзеныя «нявызначанаму колу асоб», уключаючы моладзь, а гэта «негатыўна адаб’ецца на грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, фарміраванні ў маладых людзей духоўна-маральных каштоўнасцяў, грамадзянскасці і патрыятызму».
Кіраўніку інтэрнэт-крамы вынесена прадпісанне. Ад яго запатрабавалі неадкладна выключыць «экстрэмісцкія» вокладкі з продажу. Прадпісанне было выканана ў поўным аб’ёме.