Сілавікі ў Беларусі прыйшлі да сваякоў заснавальніка платформы Kamaroŭka
Рэдакцыя Reform.news · 16 кастрычніка 2026, 11:04
https://reform.news/be/silaviki-belarusi-pryjshli-da-svajako-zasnavalnika-platformy-kamarouka/Беларускія сілавікі пачалі рэйд па сваяках заснавальніка маркетплэйса Kamaroŭka Дзмітрыя Завадскага, а таксама маркетолага Вольгі Касянчук і былой валанцёркі. Пра гэта Завадскі паведаміў у Facebook.
Паводле яго слоў, гэта адбылося пасля таго, як платформу прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем», а праект пачаў прыносіць прыбытак. Завадскі расказаў, што сілавікі цікавіліся яго рэгістрацыяй, суседзямі, маці і братам, а таксама прыйшлі да далёкіх сваякоў, з якімі ён не бачыўся каля 15 гадоў.
“У канцы снежня мінулага года, калі ў Kamaroŭka з’явіліся першыя поспехі, мы сутыкнуліся з анамальна высокай нагрузкай на сайт. Ёсць падставы падазраваць, што гэта мэтанакіраваная DDoS-атака. Пасля таго як некалькі месяцаў таму я паведаміў, што праект пачынае выходзіць у плюс, нас прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем», а сілавікі ў Беларусі пачалі хадзіць да сваякоў Вольгі Касянчук і былой валанцёркі. У маім выпадку іх цікавілі месца прапіскі, суседзі, мама, брат, а сёння яны ўвогуле зладзілі рэйд да далёкіх сваякоў, з якімі я не бачыўся ўжо гадоў пятнаццаць”, – напісаў ён.
Паводле яго слоў, цяпер сайт атрымлівае каля 3,8 млн запытаў у суткі амаль са 100 тысяч IP-адрасоў. Завадскі сцвярджае, што запыты пераважна накіраваныя на раздзелы, якія спажываюць больш за ўсё рэсурсаў. Гэта запавольвае працу маркетплэйса, выклікае памылкі і збоі пры аплаце прыкладна кожнага пятага заказу.
“На жаль, гэта адбіваецца на працы маркетплэйса. Сайт працуе павольней, карыстальнікі сутыкаюцца з памылкамі, прыкладна ў кожным пятым заказе збіваецца аплата. Развіццё платформы моцна запаволілася, паколькі даводзіцца траціць час і рэсурсы на тое, каб яна проста працягвала працаваць”, – расказаў ён.
“Пакуль беларускія сілавікі шукаюць маіх сваякоў, я працягваю шукаць беларускіх вытворцаў і прадаўцоў. І, здаецца, у нас абодвух яшчэ шмат працы. У найбліжэйшы месяц на Kamaroŭka з’явіцца яшчэ каля сотні новых тавараў”, – дадаў Завадскі.
У ліпені платформу Kamaroŭka ўнеслі ў спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў» у Беларусі.
Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.
