У Савеце Еўропы прадставілі даныя пра ўдзел Беларусі ў незаконным вывазе ўкраінскіх дзяцей
Рэдакцыя Reform.news · 29 верасня 2026, 18:37
https://reform.news/be/u-savece-e-ropy-pradstavili-danyja-pra-dzel-belarusi-nezakonnym-vyvaze-krainskih-dzjacej/У Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы прадставілі інфармацыю пра ўдзел рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
Пра гэта Reform.news расказаў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, член Каардынацыйнай рады Павел Латушка. Паводле яго слоў, падчас пасяджэння Парламенцкай сеткі па сітуацыі з украінскімі дзецьмі ён асобна звярнуў увагу парламентарыяў на ролю «Беларуськалія» ў перамяшчэнні дзяцей з Украіны.
«Згодна з расследаваннямі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намі было ўстаноўлена, што не менш за 3,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей было незаконна вывезена на тэрыторыю Беларусі. У далейшым яны падвяргаліся індактрынацыі ў інтарэсах «рускага свету», — заявіў Латушка.
Ён нагадаў, што сабраныя НАУ матэрыялы перадаваліся таксама даследчай лабараторыі Ельскага ўніверсітэта.
«Мы перадавалі нашы матэрыялы даследчай лабараторыі Ельскага ўніверсітэта ЗША, якая таксама публікавала сваю справаздачу. У гэтай справаздачы яны інфармавалі пра тое, што 2400 дзяцей было вывезена ў Беларусь», — сказаў ён.
Асаблівую ўвагу Латушка надаў удзелу «Беларуськалія». Паводле даных НАУ, значная частка вывезеных з Украіны дзяцей знаходзілася ў санаторыі «Дубрава», які належыць прадпрыемству.
«Паводле ўстаноўленых намі звестак, не менш за 2050 украінскіх дзяцей перамяшчаліся ў лагер «Дубрава», уладальнікам якога з’яўляецца кампанія «Беларуськалій». Такім чынам, «Беларуськалій» з’яўляецца галоўным фінансавым спонсарам незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і наступнай іх апрацоўкі ў інтарэсах «рускага свету», — заявіў Латушка.
Паводле яго слоў, некаторыя з дзяцей пасля перамяшчаліся з Беларусі ў Расію.
«Шэраг гэтых дзяцей у далейшым перавозіліся на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі і знаходзіліся ў спісах на ўсынаўленне. Гэта калі мы гаворым пра дзяцей-сірот», — сказаў палітык.
На фоне дыскусіі пра магчымае паслабленне абмежаванняў у дачыненні да беларускай калійнай галіны Латушка заклікаў еўрапейскіх парламентарыяў улічваць гэтыя абставіны пры абмеркаванні санкцыйнай палітыкі.
«Апошнім часам гучаць галасы лабістаў пра неабходнасць зняцця санкцый з беларускага калію для таго, каб дазволіць яго пастаўкі ў Еўрапейскі саюз і забяспечыць транзіт праз такія дзяржавы, як Літва, Латвія і Польшча. Я звярнуўся да парламентарыяў, перш за ўсё дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза, якія з’яўляюцца таксама членамі Савета Еўропы, і заклікаў звярнуць на гэта ўвагу і не дапускаць зняцця санкцый з «Беларуськалія» да таго часу, пакуль не будуць вернутыя ўкраінскія дзеці, пакуль у Беларусі не адбудуцца сістэмныя змены ў сферы правоў чалавека і не будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя», — расказаў ён.
Латушка таксама паведаміў, што раней Еўрапейская камісія запытвала ў НАУ дадатковыя матэрыялы пра ўдзел беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.
«У пачатку года Еўрапейская камісія звярнулася да нас з просьбай даць дадатковыя доказы ўдзелу кампаніі «Беларуськалій» і шэрагу іншых дзяржаўных прадпрыемстваў ва ўчыненні незаконных дзеянняў. Пасля прадастаўлення намі адпаведнай інфармацыі цяпер у санкцыйных рашэннях Еўрапейскага саюза дакладна прапісана, што «Беларуськалій» і яго кіраўніцтва, былы генеральны дырэктар Галаваты нясуць адказнасць за незаконны вываз украінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі», — заявіў ён.
Паводле слоў Латушкі, падставы для захавання еўрапейскіх санкцый у дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў сёння значна шырэйшыя, чым парушэнні правоў чалавека ўнутры краіны.
«Цэлы шэраг беларускіх кампаній, якія трапілі пад санкцыі за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, за садзейнічанне гібрыднай агрэсіі супраць Еўрапейскага саюза, пасля атрымалі ў якасці дадатковай аргументацыі ў санкцыйных рашэннях іх ролю ў падтрымцы агрэсіі і ўчыненні ваенных злачынстваў супраць Украіны і ўкраінскага народа. Таму цяпер гэтыя санкцыі, як правіла, маюць дастаткова шырокае абгрунтаванне — пачынаючы ад праваабарончай тэматыкі ў Беларусі і заканчваючы ўсім, што звязана з агрэсіяй супраць Украіны і роляй у ёй рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў ён.
Латушка таксама выступіў супраць паслаблення санкцый у дачыненні да прадпрыемстваў беларускага ваенна-прамысловага комплексу, якія працягваюць супрацоўніцтва з Расіяй.
«Я не думаю, што цяпер правільным было б разглядаць пытанне зняцця з іх санкцый, калі яны ў гэты момант займаюцца тым, што вырабляюць узбраенне або садзейнічаюць ВПК Расійскай Федэрацыі ў вытворчасці зброі, якая выкарыстоўваецца супраць Украіны і якой забіваюць украінцаў», — сказаў ён.
Таксама Латушка падкрэсліў, што напярэдадні перадаў гэтыя даныя таксама амерыканскаму боку.
«Мы перадалі поўны пакет інфармацыі пра ролю «Беларуськалія» ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей нашым партнёрам з Дзярждэпартамента. Я падзякаваў амерыканцам за іх намаганні па вызваленні палітвязняў, але яны таксама павінны мець інфармацыю пра тое, што рэальна рабілі «Беларуськалій» і яго кіраўніцтва», — сказаў Павел Латушка журналісту Reform.news.
