У Латвіі тэрмінова мяняюць супрацоўнікаў выбарчых участкаў з-за паездак у Беларусь і Расію
Рэдакцыя Reform.news · 25 верасня 2026, 17:17
https://reform.news/be/u-latvii-tjerminova-mjanjajuc-supraco-nika-vybarchyh-uchastka-z-za-paezdak-u-belarus-i-rasiju/У некалькіх самакіраваннях на ўсходзе Латвіі давялося тэрмінова мяняць супрацоўнікаў выбарчых участкаў на патрабаванне Службы дзяржаўнай бяспекі Латвіі (СДБ). Прычыны, па якіх людзям забаранілі працаваць у выбарчых камісіях, — паездкі ў Беларусь і Расію, а таксама распаўсюджванне пракрамлёўскіх наратываў.
У СДБ пацвердзілі выданню LSM, што па ўсёй Латвіі былі правераныя 6000 супрацоўнікаў выбарчых участкаў.
«Сярод выяўленых фактараў рызыкі былі паездкі людзей у дзяржаву-агрэсара Расію і яе саюзніцу Беларусь пасля ўварвання Расіі ва Украіну, а таксама распаўсюджванне пракрамлёўскіх наратываў», — заявілі ў СДБ.
Паводле інфармацыі выдання, у Даўгаўпілсе давялося ў тэрміновым парадку замяніць 20 чалавек. Таксама вядома пра змяненне складу камісіі ў Краславе.
У Цэнтральнай выбарчай камісіі Латвіі заявілі, што праверка супрацоўнікаў выбарчых участкаў з боку СДБ з’яўляецца звычайнай практыкай, і падкрэслілі, што на ўчастках ёсць рэзерв супрацоўнікаў. Кіраўнік ЦВК Марыс Звідрыс адмовіўся казаць, колькі чалавек давялося замяніць пасля праверак, але сказаў, што распараджэнні паступілі ў некалькі самакіраванняў.
Парламенцкія выбары ў Латвіі пройдуць 3 кастрычніка.
