У Грузіі затрымалі беларуса, які 5 гадоў чакае палітычнага прытулку
Рэдакцыя Reform.news · 25 верасня 2026, 15:14
https://reform.news/be/u-gruzii-zatrymali-belarusa-jaki-5-gado-chakae-palitychnaga-prytulku/У Грузіі затрымалі беларуса Льва Міхеева, які з 2021 года чакае рашэння па заяве аб прадастаўленні міжнароднай абароны. Пра гэта «Позірку» паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.
Паводле яго слоў, раніцай 25 верасня Міхееў прыйшоў у аддзел міжнароднай абароны Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі ў сяле Марткопі, каб падоўжыць часовае пасведчанне асобы. Там яго затрымалі і даставілі ў дэпартамент у Тбілісі на сумоўе. Перад гэтым ён паспеў паведаміць пра тое, што адбываецца, Кісляку, пасля чаго сувязь з ім спынілася.
«Справа Льва разглядалася каля трох гадоў. На сёння, як мяркуецца, ён у статусе просьбіта прытулку, справа знаходзіцца ў Тбіліскім апеляцыйным судзе. Але, магчыма, яе ўжо разгледзелі і яму не паведамілі. Тады яго могуць затрымаць для дэпартацыі», — расказаў Кісляк.
Ён таксама адзначыў, што Міхееў удзельнічаў у розных акцыях у Грузіі і атрымліваў пагрозы з боку беларускага КДБ.
Паводле слоў Кісляка, у выпадку дэпартацыі Міхеева могуць адправіць як у Беларусь, так і ў іншую краіну.
Грузія не задаволіла ніводнага хадайніцтва грамадзян Беларусі аб прадастаўленні прытулку. У першай палове 2026 года з краіны былі высланыя 24 беларусы. У чэрвені гэтага года былы палітвязень-беларус, імя якога не называецца, быў упершыню дэпартаваны з Грузіі ў Арменію.
