Reform.news

Сям’ю Корсакавых уключылі ў «спіс экстрэмістаў» у Беларусі

Рэдакцыя Reform.news · 25 верасня 2026, 11:31

https://reform.news/be/sjam-ju-korsakavyh-ukljuchyli-spis-jekstrjemista-u-belarusi/

МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» яшчэ 13 чалавек.

Сярод іх — сужэнцы Таццяна і Дзмітрый Корсакавы і іх дачка Пелагея.

Нагадаем, у чэрвені Мінскі гарадскі суд завочна прысудзіў 27-гадовую Пелагею Корсакаву да 11 гадоў пазбаўлення волі. Яе бацькоў, Таццяну і Дзмітрыя Корсакавых, прысудзілі да 12 і 14 гадоў адпаведна. Акрамя таго, суд прызначыў сям’і штраф у памеры 50 тысяч рублёў.

Сужэнцаў абвінавачвалі паводле артыкулаў аб «здрадзе дзяржаве», незаконных дзеяннях з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі, а таксама незаконным перамяшчэнні праз мяжу зброі, боепрыпасаў і атрутных рэчываў. Іх дачку прызналі вінаватай у «здрадзе дзяржаве».

Пелагея Корсакава з 2021 года жыве ва Украіне, дзе працуе графічнай дызайнеркай і каардынуе валанцёраў хуткага рэагавання, якія дапамагаюць пацярпелым пасля ракетных абстрэлаў.

Яе бацькоў, якія раней працавалі ў дзіцячым садку, затрымалі ў верасні 2025 года. Паводле слоў Пелагеі, перад затрыманнем бацька патэлефанаваў ёй і паведаміў, што яго затрымалі, а маці нібыта трапіла ў бальніцу з інсультам. Пасля гэтага невядомы запатрабаваў ад дзяўчыны прыехаць у Беларусь, калі яна хоча дамагчыся вызвалення бацькоў. Пазней высветлілася, што Таццяна Корсакава ў бальніцу не трапляла.

Пелагея Корсакава лічыць выстаўленыя сям’і абвінавачанні абсурднымі і звязвае крымінальны пераслед з тым, што яна жыве ва Украіне і падтрымлівала сувязь з бацькамі.

Таксама ў спісе 52-гадовы грамадзянін Арменіі Ерванд Марцірасян з Віцебска, асуджаны паводле артыкула аб абразе Лукашэнкі. Указана, што ён адбывае пакаранне.

Цяпер у «экстрэмісцкім» спісе 6930 прозвішчаў.

Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.

Рэклама

Пакінуць адказ