Праваабаронцы і АПК правяраюць інфармацыю пра памілаванне 15 чалавек у Беларусі
Рэдакцыя Reform.news · 24 верасня 2026, 23:00
https://reform.news/be/pravaabaroncy-i-apk-pravjarajuc-infarmacyju-pra-pamilavanne-15-chalavek-u-belarusi/Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета знаходзіцца на сувязі з праваабарончымі арганізацыямі і разам з імі правярае інфармацыю пра 15 асуджаных, якія былі памілаваныя сёння ўказам Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, сярод памілаваных 10 жанчын, 13 чалавек былі асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Імёны гэтых людзей не называліся.
Выканаўца абавязкаў прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч падкрэсліла, што да гэтай інфармацыі варта ставіцца асцярожна, пакуль не ўстаноўлены асобы вызваленых.
«Мы вельмі перажываем і чакаем любой інфармацыі пра людзей, якія маглі выйсці на волю. Але цяпер самае важнае — яе верыфікаваць. Мы пакуль не ведаем, хто гэтыя людзі, ці сапраўды яны былі вызваленыя паводле памілавання, па якіх артыкулах былі асуджаныя і якое пакаранне адбывалі», — паведаміла яна.
«Мы ўжо сутыкаліся з падобнымі паведамленнямі. Пасля праверкі праваабаронцамі высвятлялася, што сярод вызваленых не было людзей, прызнаных палітвязнямі. „Дзеянні экстрэмісцкай накіраванасці“ — гэта не абавязкова палітычны пераслед. Таму цяпер для нас галоўнае — высветліць, хто менавіта выйшаў на волю», — падкрэсліла Міцкевіч.
Таму пакуль невядома, ці былі сярод памілаваных палітвязні. У іх ліку могуць апынуцца, у прыватнасці, асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званай «хіміі», альбо людзі, якія не ўваходзяць у спісы палітвязняў праваабарончых арганізацый.
У АПК паабяцалі, што пасля з’яўлення пацверджанай інфармацыі паведамяць пра яе дадаткова.
Інфармацыю пра людзей, якія маглі быць вызваленыя, просяць паведамляць праваабарончаму цэнтру «Вясна» (@Viasnainfo), «Краіне для жыцця» або Dissidentby (@Dahary_nahami) — калі гэта бяспечна для вас.
