Наўседа: Амерыканскія войскі накіроўваюцца ў Літву
Рэдакцыя Reform.news · 22 верасня 2026, 13:16
https://reform.news/be/na-seda-amerykanskija-vojski-nakiro-vajucca-litvu/ЗША працягнуць размяшчэнне сваіх ваенных падраздзяленняў у Літве на ратацыйнай аснове. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што новы кантынгент ужо накіроўваецца ў краіну.
«Выдатныя навіны для Літвы — амерыканскія войскі працягнуць знаходзіцца ў нашай краіне. Мы ўдзячныя прэзідэнту Дональду Трампу і адміністрацыі ЗША за гэтае рашэнне, якое важнае не толькі для бяспекі Літвы, але і для бяспекі ўсяго рэгіёна. Ваенная прысутнасць ЗША ў Літве з’яўляецца неад’емнай часткай нашага стрымлівання і калектыўнай абароны, а рашучасць нашых саюзнікаў падтрымаць нас пасылае выразны сігнал аб тым, што НАТА гатова абараняць кожны сантыметр сваёй тэрыторыі», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай прэс-службай літоўскага прэзідэнта.
Калі новы кантынгент прыбудзе ў Літву і якой будзе яго колькасць і ўзбраенне — не ўдакладняецца. У заяве адзначаецца, што колькасць амерыканскіх войскаў будзе не меншай, чым раней.
З 2019 года ЗША размяшчалі на ратацыйнай аснове цяжкія батальёны колькасцю да 1000 вайскоўцаў. На ўзбраенні падраздзяленняў знаходзілася бронетэхніка, у тым ліку танкі Abrams. Амерыканцы кватаравалі на палігоне пад Пабрадэ ў непасрэднай блізкасці ад мяжы з Беларуссю.
Сёлета Пентагон абвясціў аб пераглядзе ваеннай прысутнасці ў Еўропе. Падраздзяленне, якое размяшчалася ў Літве, у рамках ратацыі пачалі выводзіць, аднак перакідка іх зменшчыкаў не пачалася. Звычайна гэтыя працэсы адбываліся адначасова.
