У Мінску разам з бальніцамі і школамі “замініравалі” Міністэрства абароны
Рэдакцыя Reform.news · 1 верасня 2026, 15:35
https://reform.news/be/u-minsku-razam-z-balnicami-i-shkolami-zaminiravali-ministjerstva-abarony/Паводле інфармацыі Reform.news, сёння з-за паведамлення пра мініраванне эвакуіравалі супрацоўнікаў Мінабароны Беларусі з будынка па адрасе Азгура, 4 у Мінску.
Мяркуючы па адкрытых крыніцах, гэта 3-ці корпус Міністэрства абароны Беларусі. Па адрасе пазначаныя «Інстытут Ваенпраект» і Упраўленне адміністрацыйна-гаспадарчага забеспячэння цэнтральных органаў ваеннага кіравання.
Крыніца Reform.news настойвае, што ў будынку размяшчаюцца таксама структуры Генеральнага штаба МА Беларусі.
Афіцыйна пра атрыманне паведамлення ўлады не паведамлялі. Вядома, што сёння ў Мінску «замініравалі» медыцынскія і навучальныя ўстановы. Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, былі атрыманыя электронныя паведамленні пра закладзеныя выбуховыя прылады. Яны аказаліся ілжывымі.
