Лукашэнка заявіў, што Трамп запрасіў яго да сябе дадому ў Флорыду
Рэдакцыя Reform.news · 20 сакавіка 2026, 15:20
https://reform.news/be/lukashjenka-zajavi-shto-tramp-zaprasi-jago-da-sjabe-dadomu-florydu/Аляксандр Лукашэнка заявіў, што мае запрашэнне на сустрэчу ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, пры гэтым яна можа адбыцца ў рэзідэнцыі ў Флорыдзе.
Сёння Лукашэнка вырашыў пракаментаваць учарашнія перамовы з пасланнікам Трампа Джонам Коўлам. Для гэтага да яго ў кабінет сабралі прапагандыстаў. Лукашэнка распавёў пра “вялікую здзелку”, якая рыхтуецца з ЗША, і згадаў пра прапанову сустрэцца ў Флорыдзе, дзе знаходзіцца прыватная рэзідэнцыя амерыканскага прэзідэнта.
“У трэці раўнд яны сказалі: вось, мы гатовыя. Дональд прапануе вялікую здзелку і сустрэцца аж да таго, што ў яго дома ў Флорыдзе, і абмеркаваць, і дамовіцца. Я кажу — заўсёды”, — сказаў Лукашэнка.
Трэба адзначыць, што ўчора Джон Коўл сапраўды казаў, што абмяркоўвалася магчымая паездка Лукашэнкі ў ЗША. Ён не ўдакладніў яе характар. Але таксама спецпасланнік казаў, што Лукашэнку чакаюць на новым мерапрыемстве Савета міру.
