Падазраваны ў шпіянажы супрацоўнік Мінабароны Польшчы ездзіў у Беларусь
Рэдакцыя Reform.news · 5 лютага 2026, 14:06
https://reform.news/be/padazravany-shpijanazhy-supraco-nik-minabarony-polshchy-ezdzi-u-belarus/Суд на тры месяцы арыштаваў супрацоўніка Міністэрства абароны Польшчы, падазраванага ў шпіянажы. Як даведалася польскае Radio Zet, мужчына ездзіў у Беларусь.
Пра затрыманне супрацоўніка Мінабароны паведамлялася 3 лютага. Яго падазраюць у супрацоўніцтве са службамі адной з дзяржаў «усходняга кірунку». Падазраваны прапрацаваў у Мінабароны 30 гадоў. У апошнія месяцы перад арыштам знаходзіўся пад поўным кантролем Службы ваеннай контрразведкі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі PAP, затрыманы быў супрацоўнікам Дэпартамента стратэгіі і абароннага планавання.
Як паведаміў намеснік міністра абароны Цэзары Томчык, затрыманы быў працаўладкаваны ў міністэрстве як грамадзянскі супрацоўнік. Сярод яго абавязкаў было вядзенне рэестра аб’ектаў, якія маюць асаблівае значэнне для бяспекі.
Вядома, што падазраваны выязджаў у Беларусь і нейкі час не мог адтуль вярнуцца, бо межы былі закрытыя.
