Ругінене на сустрэчы з Калеснікавай гаварыла пра палітвязняў і падтрымку беларускіх дэмсіл
Рэдакцыя Reform.news · 3 лютага 2026, 16:36
https://reform.news/be/ruginene-na-sustrjechy-z-kalesnikavaj-gavaryla-pra-palitvjaznja-i-padtrymku-belaruskih-djemsil/Марыя Калеснікава і яе сястра Таццяна Хоміч сустрэліся з прэм’ер-міністрам Літвы Інгай Ругінене. Сустрэча адбылася 3 лютага ў Вільні.
Ругінене прывітала Калеснікаву на волі і заявіла, што Літва гатовая аказваць ёй усебаковую дапамогу, паведамляе прэс-служба ўрада Літвы.
Літоўскі прэм’ер падкрэсліла, што Літва супрацоўнічае са спецпрадстаўніком Трампа Джонам Коўлам у пытанні вызвалення беларускіх палітвязняў.
«Мы супрацоўнічаем са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам, дыпламатычныя намаганні якога прыносяць адчувальныя вынікі — як у справе вызвалення палітычных зняволеных, так і ва ўмацаванні бяспекі ў рэгіёне. Гэтыя крокі для нас асабліва важныя, бо яны спрыяюць і ўмацаванню нацыянальнай бяспекі Літвы», — заявіла Ругінене.
Літва будзе працягваць аказваць ціск з мэтай вызвалення беларускіх палітвязняў, заявіла Ругінене. Яна таксама адзначыла, што Вільня чуе голас беларускага народа і працягне падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і дэмакратычную апазіцыю.
Літоўскі прэм’ер таксама заявіла пра немагчымасць размарозкі адносін паміж Вільняй і Мінскам у дадзены момант.



