Ліквідацыя Міністэрства інфармацыі, самарэгуляванне, спрашчэнне акрэдытацыі — БАЖ прэзентуе канцэпцыю рэформаў медыясектара Беларусі
Рэдакцыя Reform.news · 16 студзеня 2026, 14:25
https://reform.news/be/likvidacyja-ministjerstva-infarmacyi-samarjeguljavanne-sprashchjenne-akrjedytacyi-bazh-prjezentue-kancjepcyju-rjeforma-medyjasektara-belarusi/Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) прадставіць канцэпцыю рэформаў медыясектара Беларусі, распрацаваную экспертамі на выпадак адкрыцця акна магчымасцяў для зменаў. Прэзентацыя праходзіць сёння ў Вільні.
Як адзначылі ў БАЖ, канцэпцыя ўключае некалькі ключавых напрамкаў. Сярод іх — ліквідацыя Міністэрства інфармацыі, укараненне механізмаў самарэгулявання для медыя, пераход ад абавязковай рэгістрацыі СМІ да апавяшчальнай сістэмы і спрашчэнне акрэдытацыі замежных СМІ.
Таксама ў праекце рэформаў прадугледжана рэарганізацыя дзяржаўных СМІ: заканадаўчая забарона на валоданне СМІ дзяржаўнымі органамі, празрыстыя працэдуры прыватызацыі і ліквідацыі, а таксама стварэнне інстытута грамадскага вяшчальніка з адпаведнай нарматыўна-прававой базай.
Фінансавую падтрымку СМІ з боку дзяржавы прапануецца будаваць на адкрытай сістэме грантаў і падатковых ільгот, а заканадаўства аб свабодзе выказвання плануецца рэфармаваць для скасавання рэпрэсіўных нормаў і забеспячэння абароны свабоды слова і медыя.
