Бойцы 68-й Отдельной егерской бригады им. Олексы Довбуша. Фото: Генштаб ВСУ
Канец лістапада і снежань 2025 года прынцыпова не змянілі становішча бакоў маскавіцка-ўкраінскай вайны, аднак прадэманстравалі пэўнае павелічэнне дынамікі фронту.
Украінскія войскі працягвалі весці цяжкія абарончыя баі ў раёне гарадоў Пакроўск і Мірнаград у Данецкай вобласці, быў пакінуты горад Северск. Маскавіты працягнулі прасоўванне каля горада Гуляйполе ў Запарожскай вобласці.
Разгледзім найважнейшыя падзеі мінулых 30 дзён, адзначаючы захаваныя і новыя тэндэнцыі, звязаныя з вайной Украіны супраць маскоўскіх акупантаў.
Маскоўскія войскі, відаць, усё яшчэ не да канца захапілі гарады Пакроўск і Мірнаград у Данецкай вобласці. Баі тут працягваюцца ўжо больш за год.
За апошні месяц пагроза забеспячэнню ўкраінскіх войскаў у Пакроўску і Мірнаградзе, відаць, стала крытычнай. Камандаванню УСУ трэба будзе альбо прадпрымаць рашучыя меры па дэблакаванні гарадоў, альбо ў бліжэйшыя дні аддаваць загад абаронцам на адступленне. Не выключана, што такі загад ужо аддадзены і выкананы, аднак украінскі бок не раскрывае змены сваіх пазіцый, а войскі РФ усё яшчэ не здольныя цалкам заняць гэтыя гарады з-за агнявога кантролю УСУ над шэрагам раёнаў.
23 снежня ўкраінскія войскі пакінулі горад Северск Данецкай вобласці. На думку аналітыкаў украінскага праекта Deepstate, прычына пакідання горада, баі ў раёне якога ідуць з 2022 года, — неадэкватнае кіраўніцтва мясцовымі брыгадамі УСУ, у прыватнасці, ілжывыя даклады пра становішча спраў.
На ўсходзе Харкаўскай вобласці Масква за лічаныя дні пацярпела буйную ваенную і інфармацыйную паразу. 20 лістапада начальнік Генеральнага штаба УС РФ генерал арміі Герасімаў і камандуючы Заходняй групоўкай войскаў генерал-палкоўнік Кузоўлеў заявілі Пуціну, што расійскія войскі цалкам захапілі Купянск.
Наколькі гэта рэальна было праўдай, сказаць складана, аднак 12 снежня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыехаў у Купянск і запісаў відэа каля стэлы на ўездзе ў горад.
У гэты ж дзень украінскія войскі нанеслі шэраг контрудараў у раёне горада, відаць, акружыўшы і знішчыўшы ўнутры яго разрозненыя падраздзяленні войскаў маскавітаў.
Да канца месяца, відавочна, ключавыя раёны Купянска знаходзяцца ва ўкраінскіх руках.
25 снежня маскавіцкія войскі прарваліся ў цэнтр горада Гуляйполе, што, паводле даных украінскіх крыніц, было абумоўлена неадэкватнай арганізацыяй абароны горада.
Каб стабілізаваць сітуацыю, сюды накіраваныя ўкраінскія рэзервы, у ліку якіх, меркавана, 225-ты штурмавы полк, у складзе якога дзейнічае атрад беларускіх добраахвотнікаў «Тур».
Баі ў горадзе, паводле даных украінскіх крыніц, працягваюцца.
Масква павялічыла маштабы ракетна-дронавых тэрарыстычных удараў па ўкраінскіх гарадах і аб’ектах грамадзянскай інфраструктуры, перыядычна пазбаўляючы жыхароў гарадоў святла і цяпла. Асабліва пацярпелі Адэская, Харкаўская, Кіеўская і Сумская вобласці.
Украіна працягнула стратэгічную кампанію супраць нафтаперапрацоўчых і ваенна-прамысловых аб’ектаў Маскоўшчыны, а таксама супраць прадстаўнікоў эліты арміі і ВПК РФ.
1 снежня быў забіты распрацоўшчык кіраваных бомбаў у маскоўскім Навукова-даследчым інстытуце «Полюс».
22 снежня ліквідаваны генерал-лейтэнант Генштаба УС РФ Фаніль Сарвараў.
Дзеянні па знішчэнні маскоўскіх нафтаперапрацоўчых магутнасцяў былі дапоўнены шэрагам удараў дронаў па танкерах, што стала новым словам у вайне — раней ударамі падвяргаліся толькі караблі ВМФ РФ.
Акрамя таго, атрымала новае развіццё аперацыя па нейтралізацыі Чарнаморскага флоту РФ — 15 снежня ўдарам дрона была сур’ёзна пашкоджана падводная лодка «Колпіна».
Наш ваенны эксперт Богдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.