17 палітвязняў, высланых з Беларусі ў снежні, атрымалі абарону ў Польшчы

17 палітвязняў, вызваленых і высланых з Беларусі ў снежні мінулага года, атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы. Пра гэта паведамляе АПК па выніках сустрэчы намесніка старшыні кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з кіраўніком польскага Упраўлення па справах замежнікаў Томашам Цытрыновічам.

Цытрыновіч праінфармаваў Латушку, што 17 чалавек са снежаньскай групы палітвязняў ужо атрымалі станоўчыя рашэнні аб міжнароднай абароне. Ён запэўніў, што прыкладаюцца намаганні для паскарэння працэдуры легалізацыі астатніх палітвязняў. Усяго ж жаданне легалізавацца ў Польшчы выказалі 83 палітвязні.

Павел Латушка таксама падняў пытанне легалізацыі трох палітвязняў, вызваленых 19 сакавіка. Яны былі вывезены ў Літву, а праз два дні са згоды польскага боку ўехалі на тэрыторыю Польшчы. Былі дасягнуты дамоўленасці аб прыярытэтным разглядзе іх хадайніцтваў.

Томаш Цытрыновіч адзначыў, што пастаянна звяртае ўвагу ваявод на асаблівую сітуацыю беларусаў, у якіх узнікаюць праблемы са тэрмінамі дзеяння іх дакументаў. Ён таксама паведаміў, што накіруе запыт ваяводам аб зборы інфармацыі пра разгляд зваротаў грамадзян Беларусі.

Падчас сустрэчы было пацверджана, што Упраўленне па справах замежнікаў выступае за павелічэнне тэрміну дзеяння польскага праязнога дакумента да двух гадоў. Пакуль тэрмін дзеяння складае 1 год. Аднак павелічэнне тэрміну дзеяння патрабуе заканадаўчых змяненняў.

Акрамя таго, падчас сустрэчы ўзнімаліся пытанні адкрыцця рахункаў беларусамі ў польскіх банках. Павел Латушка плануе 26 сакавіка сустрэцца з Камісіяй фінансавага нагляду. Вырашэнне праблем будуць шукаць разам з прадстаўнікамі МУСіА і Мінфіна.

У сустрэчы з Цытрыновічам таксама прынялі ўдзел кіраўнік прававой камісіі КС Міхаіл Кірылюк і прадстаўніца ЦБС Вольга Добравольская.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!