15 мільярдаў дзяржпадтрымкі. Лукашэнка ўчыніў новы разнос чыноўнікам з-за Віцебшчыны

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці запатрабаваў ад чыноўнікаў антыкрызісны план для рэгіёна. Ён уладкаваў ім чарговы разнос, пры гэтым дасталося не толькі прысутным на нарадзе, але і былым кіраўнікам рэгіёна.

“Патрэбны пакрокавы антыкрызісны план. Зразумелы, канкрэтны, выканальны”, — запатрабаваў ён.

Паводле яго слоў, праблемы Віцебшчыны характэрныя і для іншых рэгіёнаў, хаця сітуацыя ў ёй і горшая. Ён падкрэсліў, што новы старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік павінен вырашыць праблемы.

“Сёння першая кантрольная кропка, каб ацаніць рэальную сітуацыю і зразумець, ці ёсць пазітыўныя зрухі. Губернатар павінен пачынаць з балючых кропак і прыняцця рашэнняў. Трэба прымаць рашэнні. Калі памыліцеся — паправім. Вырашаць усе праблемы давядзецца новаму губернатару з тымі людзьмі, якія ў яго ёсць. Ён пачынае працу фактычна ў ваенна-палявых умовах. Ты і сам па характары як вайсковы чалавек. Усе павінны бегчы. Будзеце бегчы — буду дапамагаць і падтрымліваць, калі вы гэтага заслугоўваеце. Патрэбны рэалістычны план і ваенная дысцыпліна па выкананні гэтых планаў”, — сказаў ён.

У нейкі момант Лукашэнка пачаў выказвацца больш эмацыйна. Ён заявіў, што далей не мае намеру цягнуць Віцебскую вобласць, як і некаторыя прадпрыемствы Магілёўскай, Гомельскай вобласці, ды і Мінскай і іншых абласцей. Ён запатрабаваў разабрацца з кіроўным апаратам Віцебшчыны, каб там не было ўтрыманцаў.

“Я не кажу, што вы «сякеру» павінны ўзяць і сячы. З Месяца вы не возьмеце людзей. Ёсць каго прымусіць там працаваць. Разбярыцеся, з кім вам працаваць”, — сказаў ён.

Дасталося старшыням абедзвюх палат Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай і Ігару Сергяенку, якія таксама займаюцца рэгіёнам.

“Хадзіце па Віцебскай вобласці, ажыццяўляйце кантроль. Падказвайце губернатару, рэкамендуйце, але не цісніце. Я яму паабяцаў: любы ціск на яго дрэнна будзе для тых, хто на яго будзе ціснуць. Там сёння ёсць губернатар, мы яго туды накіравалі. Дзмітрый Мікалаевіч (Круты. — заўв.) яго там прадставіў. Ведаю, што там вялікімі апладысментамі праводзілі былога губернатара: «Ах, добры чалавек!»”, — працягнуў Лукашэнка.

Ён пагадзіўся, што нядаўна зняты старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін — добры чалавек, што з ім было ўсім камфортна працаваць, аднак затым дадаў, што добры чалавек — гэта яшчэ не добры прафесіянал.

“Каб вы ведалі, Віцебская вобласць атрымала дзяржаўнай падтрымкі ўсіх формаў на 15 млрд беларускіх рублёў, пачынаючы ад прамысловасці — «Нафтан», закупка сыравіны, сельская гаспадарка і іншае, іншае. Каб пазбегнуць фінансавага калапсу, рэструктурызавана (гэта значыць дадзена згода прэзідэнта на тое, што вы не будзеце плаціць) 2 млрд беларускіх рублёў — адпаведны ўказ. І вы тады абяцалі за пяць гадоў па графіках пагасіць гэтыя грошы. Але пагасілі ўсяго 146 млн беларускіх рублёў”, — сказаў ён, звяртаючыся да намесніцы старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай.

“Вы можаце апладзіраваць колькі заўгодна. Але лічбы — найжорсткая рэч. Гэта яна перш за ўсё лічыла і ўносіла прапановы разам з Касінцом і Шарстнёвым. А потым трапіла ва ўрад. А потым вярнулася назад. І я гэта падтрымаў, каб было каму адказваць. Вы, калі ласка, раскажыце новаму губернатару, як усё было. Таму перш чым радавацца, што, маўляў, Субоцін абараніў вобласць ад Касінца і Шарстнёва… Ды Бог з вамі! Няма ні Касінца, ні Шарстнёва там. І я памятаю, калі Субоцін пры прызначэнні кінуў крылатую фразу: «Гэта мой край, мае людзі і справа майго гонару падняць гэтую вобласць». І вывесці ледзь не ў перадавыя”, — працягнуў ён.

Лукашэнка адзначыў, што ў справаздачах пішуць пра «пазітыўную дынаміку» Віцебскай вобласці.

“Інвестыцыі, заробкі, тавараабарот… А за што вы плаціце? Давайце ацэньваць працу не па справаздачах, а па канкрэтных справах”, — сказаў ён.

“Па выніках года аб’ёмы вытворчасці зніжаны практычна ва ўсіх галінах прамысловасці — мінус 4%. Па асобных напрамках (нафтаперапрацоўка, машынабудаванне) — амаль на 20%”, — дадаў ён.

Паводле яго слоў, год таму быў спынены «Віцебскдрэў».

“Вы пілаваць на ўскраінах паваленыя дрэвы, што валяюцца, будзеце дзе? Як раней, у 30-я гады — зверху, знізу чалавек і доўгімі піламі распілоўваць?”, — пракаментаваў Лукашэнка.

“Да непрыстойных значэнняў — у паўтара раза — абрынуўся экспарт тавараў. А гэта значыць, краіна недаатрымала амаль 2 млрд долараў (паводле статыстыкі — 1,9 млрд долараў). Няма паляпшэнняў у сельскай гаспадарцы — мінус 2,7%. Па краіне ў сельскай гаспадарцы плюс два. Пяць працэнтаў разбежка. І гэта ж да мінулага года, які таксама быў правальны. А мінулы год яшчэ да мінулага. І пайшло пад адхон. Вось вашы апладысменты самім сабе!”, — дадаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што падзенне адбылося па асноўных пазіцыях — мясу, малаку, колькасці пагалоўя, забяспечанасці кармамі.

“На жаль, на фоне такіх сумных вынікаў не відаць ні імкнення, ні ініцыятывы. Не відаць і зменаў да лепшага”, — сказаў ён.

Пасля гэтага Лукашэнка зноў вярнуўся да Субоціна, растлумачыўшы, як прыняў рашэнне змяніць старшыню аблвыканкама.

“Развітаючыся з губернатарам пасля нарады, я думаў, што ён заўтра пабяжыць на адну ферму, на другую, на трэцюю. Хоць з людзьмі пагаворыць, задасць ім задачы. Нікіціна следам пабяжыць разам з іншымі. А не пабеглі. Яны паслухалі ў Віцебскай вобласці, што казаў Прэзідэнт. Мы праманіторылі: «Правільна казаў. Усё правільна». Разышліся. А некаторыя, па аператыўнай інфармацыі (мы ж гэта таксама праманіторылі), кажуць: «Ну нічога, час пройдзе, усё ўляжацца». Панове, не ўляжацца! Укладвацца няма куды.

Разумеючы, што як было, так і будзе ў Віцебскай вобласці, мне давялося замяніць губернатара”, — растлумачыў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!