Азіяцкая прэм’ера фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» адбылася на паўднёвакарэйскім кінафестывалі ў Чонджу — фотафакт

Драматычная камедыя «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі дабралася да Паўднёвай Карэі.

Азіяцкая прэм’ера фільма пра маладога музыканта Фёдара, апантанага пошукамі магічнага швэдара, адбылася ўчора на міжнародным кінафестывалі ў Чонджу. Стужку прадставілі публіцы беларускі музыка і выканаўца галоўнай ролі Вячаслаў Кміт, а таксама літоўскі прадзюсар Кястуціс Драздаўскас. На жаль, рэжысёр карціны на паказе не прысутнічаў.

Прадзюсар Кястуціс Драздаўскас і актор ды музыка Вячаслаў Кміт на азіяцкай прэм’еры «Лебядзінай песні Фёдара Озерава». Фота: facebook.com/ArtboxLTproduction.

Нагадаем, што еўрапейская прэм’ера поўнаметражнага дэбюта Юрыя Сямашкі прайшла ў лютым на Берлінскім кінафестывалі ў межах праграмы «Форум». Карціна на вядомым аглядзе атрымала прыз чытацкага журы нямецкай газеты «Tagesspiegel».

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» на 26-м міжнародным кінафестывалі ў Чонджу, які спецыялізуецца на незалежным і эксперыментальным кіно, удзельнічае ў праграме міжнароднага конкурсу, то-бок прэтэндуе на адзін з галоўных прызоў. Карціну, пазначаную краінамі-вытворцамі Літва і Германія, можна яшчэ паглядзець у кінатэатрах Чонджу 4 і 5 траўня. Вынікі фестывалю мусяць быць вядомыя 9 траўня.

Вячаслаў Кміт апранае той самы «магічны швэдар». Фота: facebook.com/ArtboxLTproduction.
Вячаслаў Кміт на адкрыцці міжнароднага фестывалю ў Чонджу. Фота: facebook.com/ArtboxLTproduction.

Нагадаем, што ігравая мікрабюджэтная стужка «Лебядзіная песня Фёдара Озерава», якая нарадзілася праз падтрымку беларускай кінакампаніі на чале з прадзюсарам Леанідам Каліценем — Belarusian Filmmakers’ Network, літоўскай кампаніі Artbox і нямецкай Shoot’n’Post, распавядае пра маладога музыку Фёдара, апантанага пошукам швэдара, які дорыць натхненне. Напярэдадні новага года, у часы напружанай палітычнай абстаноўкі — чакання пачатку Трэцяй сусветнай вайны — Фёдар пачынае ўласную адысею, якая прывядзе яго ў цалкам невядомыя абшары.

У карціне здымаліся беларускія акторы і музыкі: Вячаслаў Кміт, Віялета Рагачова, Павел Гарадніцкі, Міхаіл Зуй, Наста Рысік, Аляксей Любчанка. Аператар стужкі — Сяргей Кавалёў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!