Справа не ў швэдары. Reform.news трапіў на прэм’еру беларускай стужкі на Берлінскім кінафестывалі

На Берлінскім міжнародным фестывалі адбылася прэм’ера ігравой стужкі беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Reform.news удалося трапіць у кінатэатр Delphi Filmpalast і ўбачыць на ўласныя вочы «крыштальны» і такі жаданы поспех беларускага кіно.

Неабходнае intro

Яшчэ і яшчэ адна фотасесія для каманды фільма — гэта момант сапраўды хочацца захаваць і доўжыць.

Стаць часткай сусветнага кінафоруму з 75-гадовай гісторыяй пачэсна для кожнай кінаіндустрыі свету, і тым больш гэта бясцэнна для беларускага незалежнага кіно, якое ствараецца зноў і зноў без глебы пад нагамі.

Гісторыя нараджэння поўнаметражнага дэбюту Юрыя Сямашкі такая. Сцэнарый 32-гадовага аўтара стаў адным з пераможцаў Інкубатара мікрабюджэтнага кіно — праекта Беларускай сеткі фільммейкераў на чале з прадзюсарам Леанідам Каліценем. Далей кінематаграфісту ўдалося займець падтрымку літоўскага прадзюсара Кястуціса Драздаўскаса, нямецкіх партнёраў, яшчэ адной літоўскай кампаніі, закончыць постапрадакшн. І… нечакана выцягнуць «шчаслівы квіток», трапіўшы ў праграму «Форум» берлінскага фэсту. Кіраўнік гэтай секцыі берлінскага агляду Барбара Вурм пайшла на гэты крок, абраўшы стужку з тысячы канкурэнтаў па ўсім свеце.

Каманда фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» на прэм’еры ў кінатэатры Delphi Filmpalast на Берлінале-2025. Фота: Reform.news

Заўважым, што беларускае кіно раней трапляла ў праграму Берлінале, але гэта былі дакументальныя фільмы. «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» стала першай ігравой стужкай, якая ўзляцела ў гэты сад — і гэта поспех не толькі для каманды фільма і асабіста Юрыя Сямашкі (які насамрэч стварае фільмы на працягу дзесяці гадоў), а таксама і яшчэ адзін унёсак у рэпутацыю беларускага незалежнага кінематографа.

Кінематографа, які па-ранейшаму здзяйсняецца праз імпэт, талент і вытрымку творцаў, высілкі прадзюсараў, праграмераў — увесь час цудам, а не праз заканамернасці працоўнай індустрыі. Бо яе няма. Тым больш у выгнанні.

Але гэты поспех на Берлінале адбыўся. Нягледзячы ні на што. І таму яго хацелася святкаваць і захоўваць — праз фотаздымкі, размовы, праз прысутнасць «тут і зараз».

«Мяне не пакідае адчуванне нейкай сюррэальнасці таго, што адбываецца», — прызнаецца перад сеансам аператар карціны Сяргей Кавалёў.

Юрый Сямашка рассаджвае каманду ў Delphi Filmpalast — вялізарная зала на 650 месцаў запоўненая цалкам.

Фота: Reform.news.

Прадстаўляць кіно перад публікай Барбара Вурм запрашае экс-праграмнага дырэктара мінскага кінафестываля «Лістапада» Ігара Сукманава — вядомы кінааналітык зараз працуе ў камандзе берлінскага агляду. І зала, у якой сядзяць у тым ліку беларускія кінематаграфісты, узрываецца апладысментамі і воклічамі — па сутнасці, гэта яшчэ адзін момант радасці, прызнання, сустрэчы.

На сцэну выходзіць Юрый Сямашка і кажа пра тое, што, на жаль, з-за доўгіх бюракратычных працэдур па афармленні дакументаў, на прэм’еру карціны не здолеў прыехаць Вячаслаў Кміт — выканаўца галоўнай ролі ў фільме. (Вячаслаў жыве ў Польшчы і чакае легалізацыі). Вось вам і тая самая рэальнасць творцаў (ды не толькі) у выгнанні. Рэжысёр саркастычна паведамляе пра тое, што ягоная карціна — доказ таму, што эмігранты не толькі здольныя працаваць на розных некваліфікаваных працах, але здымаць фільмы, якія потым могуць увайсці ў праграму Берлінскага кінафестывалю.

Публіка заінтрыгавана. Святло гасне.

Юрый Сямашка прадстаўляе сваю карціну. Фота: Reform.news

У твар творчасці?

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» пачынаецца з размовы галоўнага героя Фёдара (Вячаслаў Кміт) з выпіўшым філосафам. Мысляр у выкананні Міхаіла Зуя на фоне рыштаванняў на вуліцы кажа пра сутыкненне розных светапоглядных цывілізацый, пра Амерыку, славянаў і пра тое, што ўсе навалы, за якімі стаіць чалавек, — войны, канфлікты, той жа COVID-19 робяцца, каб пасеяць у людзях страх. Напужанымі людзьмі лягчэй кіраваць. Філосаф перадае маладому чалавеку бутэльку. Фёдар падымае галаву, каб прыгубіць напой — кадр зверху перакульваецца (аператар Сяргей Кавалёў), збіўка — пад рытмічную гітарную музыку герой у расфокусе «ручной» камеры рушыць дадому. І мы трапляем у прастору гісторыі, якая будзе трымаць да самага канца.

Сюжэт фільма просты і інтрыгоўны — той самы Фёдар, музыка з адным альбомам пад назвай «Мінскі сіндром», перад новым годам вырашаецца наноў стварыць гурт. У яго ёсць геймер-сусед, які рэдка выходзіць з пакоя, сястра, якая апякуецца братам і жартуе з яго (Віялета Рагачова), і творчы крызіс, з якога, на думку Фёдара, можна выйсці з дапамогай швэдара з рамонкамі. Гэтую рэч-талісман малады чалавек атрымаў ад музыкі Мітрафана (Павел Гарадніцкі), у якім бывалы рокер-панк стварыў свае найлепшыя песні. Але швэдар кудысьці знік.

Кадр з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». У галоўнай ролі — Вячаслаў Кміт.

У стужцы навін на тэлефоне героя — Пуцін, пагроза ядзернага выбуху, набліжэнне Трэцяй сусветнай вайны, амаль усё тое, што проста зараз абмяркоўваецца ў свеце. У той час калі навокал расце напружанне і страх, Фёдар метадычна і вынаходліва шукае швэдар, які, на яго думку, мусіць дапамагчы яму напісаць найлепшую песню.

«Лебядзіная песня Фёдара Озерава» заяўленая як драмедзі, сумесь драмы і камедыі. І апынаецца сапраўды карцінай, поўнай гумару і іроніі. Маналогі і рэплікі асобных персанажаў, у прыватнасці, паэта і крынжовага музыкі Віталя (Аляксей Любчанка), дзяўчыны Аліны з Ціндара (Наста Рысік) прапісаныя з натхненнем і куражом. Шчыра кажучы, аўтар гэтых радкаў не памятае, калі так шмат смяяўся на беларускім кіно.

Кадр з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». У кадры — Аляксей Любчанка.

У стужцы здымаюцца маладыя акцёры, гучыць музыка маладых груп — «Сербскі нож», «Сінія горы» — энергія новага пакалення напаўняе кіно. Удача карціны, вядома, — музыкант Вячаслаў Кміт, які іграе Федзю. Ён крыху нагадвае маладога французскага актора Жан-Пьера Лео, іграе амаль самога сябе — і пры гэтым яго стрыманае існаванне ў кадры вельмі арганічнае.

Бюджэтнасць стужкі праяўляецца, бадай, ва ўмоўнасці прасторы — Юрыя Сямашка не дае ёй «зазямліцца» ў канкрэтным месцы. (І не скажаш, з іншага, што тое не творчы ход). Гэта прастора невялікіх кватэр, жылых і негламурных, прастора гарадскіх вуліц падобных на Мінск і Варшаву, прастора гораду ўтульных раёнаў, якія могуць быць дзе заўгодна.

Кадр з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава».  У кадры — Павел Гарадніцкі, Вячаслаў Кміт.

Але ў фільме героі размаўляюць на беларускай і рускай мовах, і гэта адразу пазначае беларускі кантэкст.

Юрый Сямашка схоплівае ў сваім дэбютным кіно цікавую рэч: узаемадачыненне персанальнага існавання кожнага чалавека, — і знешні шум навін, умоўна кажучы, тлум «знешняга свету». Гібрыднасць рэальнасцяў, віртуальнай і сапраўднай, узаемапранікненне іх, уплыў адна на адну:  у які момант мы мусім зрэагаваць на знешнюю пагрозу, падзею, а ў які засяродзіцца на сваім жыцці? «Так і будзеш ляжаць, калі свет у адным кроку ад ядзернай вайны?» — пытаецца ў Фёдара яго сястра, калі той ляжыць на канапе. «Ты сур’ёзна думаеш, што мітынг можа спыніць ядзерную вайну?» — адказвае ёй Фёдар.

Калі свет сышоў з глузду, чаму нельга засяродзіцца на сваёй апантанасці?

У беларускага рэжысёра, вядомага па кароткіх метрах «Смеццевая галава», «Кроў і караоке», «Як я быў Генерал» і іншых, ёсць адчуванне часу і стылю. І адпаведна мантаж карціны задае дынаміку стужцы — яна нідзе не правісае і трымаецца абранага рытму. Гэта кіно «лёгкага дыхання», можна толькі ўявіць, што атрымалася, калі б у яго былі ўкладзеныя большыя сродкі.

Кадр з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава».  У кадры — Віялета Рагачова.

Анімацыйныя ўстаўкі, мастацкія пераклічкі ўзнікаюць у карціне як аздабленне, але гэта важныя знакі.

«Лебядзіная песня» з яе сацыяльным пасылам нібыта адсякае залішняе, пакідаючы «каркас» будзённасці, але невыпадкова яе героі кажуць пра страх. Страх, які прыходзіць звонку, і страх унутраны, экзістэнцыйны — у гэтым гумарным квесце ў пошуках магічнага швэдра насамрэч аўтар намагаецца разабрацца з тым, які са страхаў наймацнейшы.

Юрый Сямашка, якога Reform.news неаднаразова называў беларускім Дэвідам Лінчам за яго здольнасць за лік мінімалістычных мастацкіх рашэнняў ствараць памежныя сюррэалістычныя станы, і ў «Лебядзінай песні» выходзіць у гэты абшар, але што называецца з «чорнага» ўваходу. Тут не будзе лінчаўскай вусцішы, але ўваход у іншы свет знойдзецца.

Камедыя Сямашкі пачынае пераўтаварацца ў драму бліжэй да трэцяй часткі фільма — калі ток «тагасветнага», першапачатква выціснуты з прасторы, пачынае «прабіваецца» ў рэальнасць. У рэшце рэшт, Фёдар шукае свой швэдар, каб пазбавіцца ад страху правалу, творчага паражэння. У той жа час герой баіцца і не адбыцца як творца.

Кадр з фільма «Лебядзіная песня Фёдара Озерава».

Сустрэча са смерцю становіцца той самай рэччу, аб якую «разбіваюцца» медыйныя канструкты. Па сутнасці, Сямашка кажа пра штосьці вельмі інтымнае — што ёсць творчасць? смерць? ці здольнае мастацтва выратаваць жыццё? ці яно патрэбна каму-небудзь? Швэдар з рамонкамі становіцца парталам, які адкрывае дзверы ў падсвядомае і глыбокае.

Пры ўсёй лёгкасці дзеяння фінал «Лебядзінай песні Фёдара Озерава» дае падставу для мноства інтэрпрэтацый, у тым ліку — звязаных з палітычнай сітуацыяй у нашай краіне. Пра гэта немагчыма не падумаць. Пра людзей — закладнікаў рэжыму. У кіно герою давядзецца трапіць і ў госці да Аіда. Хто гэты Аід? Дыктатар? Выпадковасць? Сам аўтар, які судзіць свае творы?

Але я аддаю перавагу ў інтэрпрэтацыі стужкі зрэагаваць на «расколіну» асабістай экзістэнцыі, ад якой увесь час не адварочваецца ў сваіх карцінах Юрый Сямашка.

Гэта кіно, якое балансуе паміж палітычным і экзістэнцыяльным, і экзістэнцыйнае прарываецца вонкі.

Неабавязковая кода

«Не хачу размаўляць пра грошы», — на сесіі пытанняў і адказаў пасля паказу фільма рэжысёр спыняе спробы даведацца пра бюджэт карціны. У параўнанні з бюджэтамі нават самых незалежных еўрапейскіх стужак, ён сапраўды мізэрны, і гэта яшчэ адзін момант нашай кінасітуацыі. Пра яго не варта нават казаць. Але гэта далікатнае палажэнне беларускіх аўтараў і прамоўтараў робіць сваю справу.

Літоўскі прадзюсар Кястуціс Драздаўскас, які даў штуршок для прасоўвання «Лебядзінай песні» і з’яўляецца галоўным прадзюсарам карціны, распавядае пра свой удзел у праекце. Ён кажа, што падтрымаў фільм Юрыя Сямашкі, бо сам музыкант, які мае працяглы досвед ігры ў гурце. Гісторыя падалася яму блізкай. І потым дадае, што ён рады быў дапамагчы беларускаму праекту як адмысловец з Літвы. Параўноўваючы дзве краіны, фільммейкер канстатуе, што за апошнія трыццаць гадоў Літва апярэдзіла Беларусь. «Not Bielorussa — Belarus!», — папраўляе спадара Кястуціса беларуская галёрка, калі ён выкарыстоўвае гэта слова. «Гудыя», — выдае ён.

Падчас сесіі пытанняў і адказаў. Фота: Reform.news
Падчас сесіі пытанняў і адказаў. Фота: Reform.news

Заўважым, што «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» на фестывалі прадстаўлена дзвюма краінамі — Літва і Германія.

Цікавае пытанне гучыць ад гледача з залы, які ўбачыў у карціне маладое пакаленне беларусаў, што жыве ў выгнанні, і якое, магчыма, апалітычнае. «Ці правільна я зразумеў ваша пасланне?» — пытаецца ён у рэжысёра.

«Не, не ў гэтым мае пасланне, — адказвае беларускі кінематаграфіст. — Гэта фільм не пра мастакоў у выгнанні, а больш пра мастакоў, якія жывуць у свеце. І якія намагаюцца стварыць фільмы, музыку, нягледзячы на тое, што свет развальваецца на часткі. Гэта пытанне я задаў сабе [у першую чаргу]: чаму я так апантаны ідэяй ствараць кіно, у той час, калі свет стаіць «на мяжы»? Заўжды будуць дрэнныя навіны: сёння, учора, магчыма, заўтра. Я намагаюся спытаць: чаму мы гэта робім? чаму ствараем фільмы, музыку? 

Гэта кіно не пра пэўнае пакаленне, у прыватнасці, маладое пакаленне. Я выбраў ствараць гісторыю з маладымі людзьмі, бо памятаю сябе, калі быў маладым, я маю гэты досвед, і магу яго апісаць. Я не магу напісаць добрую гісторыю пра людзей, якія старэйшыя за мяне.

Мае пасланне не мае прывязкі да ўзросту, да нацыянальнасці. Яно датычыцца кожнай творчай асобы», — резюмуе Юрый.

Публіка цёпла прымае каманду фільма і стужку, бо ў гэты вечар кіно пра найпрыгажэшую песню аднога музыканта на беларускай мове, хочацца верыць, чапляе кожнага ў зале.

Але ці пачуе голас беларускіх творцаў сусвет? Сёння? Заўтра? Гэта я ўжо пра наша палітычнае.

Фота: Reform.news

***

Cёння адбыўся другі паказ карціны для публікі на Берлінскім фестывалі. Пабачыць яшчэ адзін раз «Лебядзіную песню Фёдара Озерава» ў межах буйнога форуму можна будзе 22 лютага на пляцоўцы Arsenal 1.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!