Архетыпы, хіпстары і… нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Главное

Вынік травеньскіх выдавецкіх высілкаў не адолееш за кароткі час, аднак ці варта чытаць усё запар? Бо кнігі выйшлі на любы густ: ад фантастычных аповедаў пра Мінск да перавыданняў легендарных цікавостак. А «Дом» Андрэя Горвата пра нараўлянскі палац увогуле ўжо разышоўся, але мы ўсё роўна пра яго напісалі, бо абяцаюць дадрукаваць.

Содержание

Мастацкая літаратура

Серыя «Акно ў прозу»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Выдавецтва Gutenberg Publisher ініцыявала серыю перавыданняў сучаснай беларускай прозы.

У межах серыі будуць перавыдавацца прыкметныя беларускія празаічныя творы апошняга часу, першыя выданні якіх даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Ужо выйшла пяць кніг.

Раман Уладзімера Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», манументальны твор пра (не)савецкіх людзей, (не)савецкі горад Мінск і каханне, якому ўсё роўна. Беларусь і беларусы бачацца аўтарам праз прызму чалавека, які вырас у 60-х.

У кнізе «Invicta, або Галоўная памылка Афанасія» Югасі Каляды кахання ўвогуле няма, а яго адсутнасць і ілюзорнасць робіцца цэнтральнай тэмай. У творы пануе атмасфера пачатку абсурднага ХХІ стагоддзя.

Макс Шчур у кнізе «Завяршыць гештальт» разглядае Беларусь з Еўропы, параўноўваючы, разбураючы і ствараючы. Гэтая кніга – помнік на пахаванні міта пра Эўропу, якім жылі і жывуць шматлікія беларусы.

Ілля Сін і ягонае «Libido» – гэта перапрацоўка агульнабеларускіх архетыпаў пра нашыя гарады і вёскі, нашыя думкі і мары, наш быт і нашую культуру. Час, калі адбываюцца дзеі кнігі, зусім няважны, бо змянілася так мала.

Павел Касцюкевіч у «Блогу Усяслава Чарадзея» знаходзіць агульныя рысы ў часінах Полацкага княства і хіпстарамі ў спакойным 2013-м, узгадваючы культурныя коды гадоў, калі смузі і веганства былі на піку.

Выдавецтва: Gutenberg Publisher.

Набыць можна тут.

«(Ня)чысты Мінск»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

У зборнік увайшлі апавяданні ўдзельніц таварыства беларускіх фантастаў «Шуфлядка пісьменніка». Пятнаццаць аўтарак, пятнаццаць твораў – пятнаццаць розных сусветаў. Аднак усе яны так ці інакш звязаныя з Мінскам, яго гісторыяй, адметнымі і цікавымі мясцінамі. Разам з героямі чытач пашпацыруе праспектамі і вулкамі сталіцы, наведае Мінскае мора і парк Перамогі, сустрэнецца з містычнымі і невытлумачальнымі з’явамі… Пісьменніцы абапіраюцца на беларускую міфалогію, але не пераказваюць падручнікі, а ствараюць свае мастацкія вобразы і сюжэты.

Для выдання кнігі ініцыятары запусцілі адмысловы конкурс і з 104 аповедаў выбралі 15. Спачатку зборнік выйшаў на рускай мове, але па просьбе чытачоў кнігу пераклалі на беларускую.

Выдавецтва: «Папуры».

Набыць можна на oz.by.

Пахне пераспелым яблыкам

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Кніга ўключае ў сябе творы, напісаныя навучэнцамі Школы маладога пісьменніка (выпуск 2024 года) – нефармальнага праекта па літаратурнай адукацыі, які дзейнічае з 2012 года.

Прапанаваныя для кнігі тэксты раскрываюць найразнастайнейшыя грані таленту аўтараў і аўтарак: паэзія змяняецца прозай, драматургія – перакладамі, а верлібр – сілаба-тонікай.

Зборнік з’яўляецца лагічным працягам папярэдніх анталогій выпускнікоў ШМП: «Параходзік сучаснасці», «Казкі майго горада», «Вешчуны ідуць на Беларусь», «Scriptorium».

Выдавецтва: Kamunikat.org

Набыць можна тут.

Васіль Быкаў «Круглянскі мост», «Абеліск» і «Воўчая зграя»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Тры творы Васіля Быкава, сабраныя ў адной кнізе, прысвечаныя жыццю людзей, што апынуліся пад акупацыяй.

Героі твораў вырашаюць для сябе найскладанейшае пытанне: як пад гнётам няўмольных абставінаў застацца чалавекам.

Выдавецтва: «Папуры».

Набыць можна на wildberries і oz.by.

Андрэй Горват «Дом»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Пісьменнік Андрэй Горват напісаў і выдаў новую кнігу пра нараўлянскі палац, аднаўленнем якога ён займаўся.

«Гэ­та кні­га пра на­раў­лян­скі па­лац — ста­ры дом на бе­ра­зе Пры­пя­ці, на­поў­не­ны лю­боўю, фар­тэ­піян­най му­зы­кай і ся­мей­ны­мі сакрэ­та­мі, — піша аўтар. — Гэ­та лі­та­ра­тур­нае да­сле­да­ван­не, у якім біягра­фія па­ла­ца пе­ра­пля­таец­ца з маёй аса­біс­тай гіс­то­рыяй. Так­са­ма гэ­та апо­вед пра лю­дзей, якія на­зы­ва­лі па­лац сваім до­мам, і пра эпо­хі, што пра­но­сі­лі­ся за яго вок­на­мі.

Кні­га спа­лу­чае элемен­ты рэаліз­му і ма­гіч­на­га рэ­аліз­му. У ёй брон­за­выя львы пра­гуль­ваюц­ца па пар­ку, а лю­дзі з пар­трэ­таў — па ка­лі­до­рах. За­хо­дзя­чы ў дом, будзь­це га­то­выя: гас­па­дар у лю­бы мо­мант мо­жа вяр­нуцца з веч­нас­ці, каб ад­ка­заць на тэ­ле­фон­ны званок.

У кні­зе шмат старых і су­час­ных фо­та­здым­каў, што да­зва­ляе акунуц­ца ў атма­сфе­ру па­ла­ца, ван­дра­ваць па яго па­коях і на­ва­коллі. Цвёр­дая вок­лад­ка на­дзей­на за­хоў­вае змест кні­гі і на­дае па­чуц­цё грун­тоў­нас­ці. Унутры — шчыль­ная крэй­да­ва­ная па­пе­ра крэ­ма­ва­га ко­ле­ру, пры­ем­ная для ва­чэй і на дотык.

Мне б ха­це­ла­ся, каб, раз­гар­нуў­шы кні­гу, вы па­чу­лі тое ж, што і я, ка­лі ўпер­шы­ню па­зна­ёміў­ся з на­раў­лян­скім па­ла­цам: ці­хі по­кліч, за­пра­шэн­не за­тры­мац­ца і ад­чуць сябе дома».

Набыць кнігу можна было тут. Цяпер можна пакінуць email, каб даведацца, калі яна зноў з’явіцца ў продажы.

Артур Клінаў «Шалом». Перавыданне ў новай рэдакцыі

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Зявілася другое выданне рамана «Шалом» мастака і пісьменніка Артура Клінава. Кніга выходзіла ў 2010 годзе і ўвайшла ў шорт-ліст Прэміі Гедройця. Цяпер раман надрукаваны ў новай рэдакцыі.

Прачытаўшы кнігу, вы нарэшце даведаецеся, ці ёсць сэнс жыцця, спасцігнеце таямніцу праклёну славянаў, навучыцеся зарабляць дваццаць тысяч еўра за месяц, зразумееце, як належыць паводзіцца ў выцвярэзніку і што трэба рабіць, калі да вас дахаты адно за адным прыходзяць пажарнік, участковы міліцыянт, цешча, поп і грамадзянін у шэрым паліто. Вы даведаецеся, як мыць валасы, не здымаючы шалома, і што трэба адказаць людзям, якія ўсё ж такі хочуць зняць яго з вашай галавы.

Выдавецтва: «Логвінаў».

Набыць можна тут.

Ігар Кулікоў «Нетутэйшая далечыня»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

У сёмай кнізе Ігара Кулікова сабраны вершы, напісаныя ў 2021-2023 гадох, а таксама пераклады з ангельскай і санскрыту.

Парк пахне прэлінай таго, што адбыло,

і цені дрэў больш не залежныя ад сонца.

Яны ляглі на дол як прошлае сьвятло,

як знак таго, што концае — бясконца.

І лужы, створаныя ўчорашнім дажджом,

дасюль глядзяць уверх, у страчанае неба,

дзе йшчэ нядаўна быў іх хмаравіты дом,

а сёначы — вятрамі ўзораная глеба.

Гляджу і я, гару і я разгорнутай душой,

лістом таемным у пустым канверце

бяз адрасу таго, хто вечнаю рукой

паслаў яго як адмаўленьне сьмерці.

Выдавецтва: «Янушкевіч»

Набыць можна тут.

Дзяніс Трусаў «Боў і мерць у Хротне»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

«Гэта беларускі Twin Peaks і Silent Hill, пастмадэрнісцкі раман-пазл аб самасвядомасці і раскаянні, які даследуе тэму памежжа, гэта моўная прыгода і нечаканая науковая фантастыка з хрысціянскай і будыйскай падаплёкай, у якой перапляліся мовы і эпохі і ў якой галоўнаму герою трэба пазбавіцца ад уласнага трупа і ўспомніць назву краіны, з якой ён родам», — паведамляе анатацыя рамана.

«Цікава, як жыццёвыя сюжэты ўтвараюць кола, як яны зноў і зноў перакрыжоўваюцца — часам без асаблівага сэнсу, часам са схаваным, не адразу зразумелым значэннем», — тлумачыць свой адметнасці свайго тэксту Дзяніс Трусаў, паэт, музыка і празаік з Гародні.

Выдавецтва: Kamunikat.org

Набыць можна тут.

Саша Філіпенка «Слон»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд
mockups-design.com

«У гэтай кніжцы аднойчы, у адзін дзень прыходзяць сланы. І гэтая кніга пра тое, як мы заўважаем праблемы ці не заўважаем. Кніжка пра расчалавечванне. Кніжка пра тое, як мы па-рознаму ставімся да кахання, любові. На што мы гатовыя і на што мы не гатовыя. Гэта кніжка пра выбар, пра тое, што кожны з нас робіць ці не робіць, ці вырашае не рабіць, бо разважае: «А, ну цяпер сланы прыйшлі, яны пойдуць праз тры дні, як казалі. І навошта мне нешта рабіць?» Пра пасіянарыяў. Мне падаецца, што, як і мая кожная кніжка, гэтая кніжка пра выбар», — піша пра свой твор Саша Філіпенка.

Выдавецтва: Gutenberg Publisher

Набыць можна тут.

Юля Цімафеева «Кровазварот»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

У новым канцэптуальным зборніку вершаў Юля Цімафеева праз паэтычную форму апавядае гісторыю свайго роду ў ХХ стагоддзі і шукае сваё месца ў гэтай гісторыі.

«…я хачу зразумець, што яднае маю Еўропу з той, у якой я жыву, яднае не толькі зараз, але і ў мінулым, калі мяне яшчэ не існавала, а ніткі майго роду ўжо завязваліся вузельчыкамі на яе мапе. Я іх расшукваю, каб аднавіць гісторыю сваёй сям’і, каб злучыць у адно палатно з аповедамі, мне вядомымі з дзяцінства, каб зрабіць уласнае жыццё ягонай часткай», — піша аўтарка.

Выдавецтва: «Янушкевіч»

Набыць можна тут.

Дзіцячая літаратура

Генадзь Аўласенка «Як Вадзянік з людзей жартаваць спрабаваў: тапанімічныя казкі»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

У новым зборніку тапанімічных казак аўтар у цікавай, займальнай форме тлумачыць назвы населеных пунктаў і вадаёмаў розных рэгіёнаў Беларусі, прапануе юнаму чытачу сваё ўласнае меркаванне пра іх паходжанне, апавядае, з чым можа быць звязана ўзнікненне той ці іншай назвы. Чытач мае магчымасць пазнаёміцца з незвычайнымі казачнымі, а таксама сапраўднымі гісторыямі пра таямніцы беларускіх тапонімаў.

Выдавецкі дом «Звязда»

Набыць можна тут.

Алена Масла, Ларыса Мятлеўская «Пачастунак для цмока»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Пісьменніца Алена Масла і этнограф Ларыса Мятлеўская стварылі не проста кнігу, а кулінарна-містычнае падарожжа, падчас якога ўдала спалучаюцца гістрычныя факты і падзеі, што адбываюцца ў Мінску ў ХІХ стагоддзі і жыццё сучасных мінчукоў.

Апынуўшыся ў сучасным Мінску, кухцікі з радзівілаўскай кухні ХІХ стагоддзя – Яніна і Кунігунда – разам з новымі сябрамі гатуюць старасвецкія стравы, дзеляцца цікавымі і каштоўнымі звесткамі пра звычкі і людзей свайго часу, а таксама шукаюць паратунку ад лютага Цмока.

Дынамічны сюжэт, незвычайныя факты і гістарычня звесткі, цікавосткі пра звыклыя нам стравы і прадукты робяць кнігу цікавай не толькі для дзяцей, але і для дарослых.

А яшчэ на старонках кнігі вас чакаюць: незвычайныя факты з біяграфіі Максіма Багдановіча, факты пра гісторыю бульбы і чаю, пра смаргонскія абваранкі і мядзвежую акадэмію, пра «прыемную аптэчку», што мусіла быць у кожным шляхецкім доме, пра чорную гусь і мніхі з абараначкаў і пра тое, чым карміць Цмока.

А яшчэ 12 страў старабеларускай кухні, якія маленькі чытач з дапамогай бацькоў можа прыгатаваць разам з героямі.

Выдавецтва: «Открытая книга»

Набыць можна тут.

Людміла Рублеўская «Прыгоды мышкі Пік-Пік». Перавыданне

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

У чатырох кнігах, з цудоўнымі ілюстрацыямі Марыі Каратаевай змешчаны яшчэ і гульні для маленькага чытача.

Жыла была Мышка Пік-Пік у норцы. Ёй падабаліся абгорткі ад цукерак з малюнкамі Мікі-Маўса. З усяе мэблі ў яе быў толькі ложак — цукерачная каробачка. Любіла вельмі любіла пернічкі, шакаладкі, арэшкі, яблычкі.

Выдавецтва: «Аверсэв»

Набыць можна ў беларускіх кнігарнях ці тут.

Пераклады

«Спеў пра Майго Сіда»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Над перастварэннем гішпанскага гераічнага эпасу працаваў Якуб Лапатка (1944 – 2024), а пазней Лявон Баршчэўскі.

Класічны твор гішпанскага гераічнага эпасу пад назвай «Спеў пра Майго Сіда» быў складзены невядомым аўтарам у ХІІ стагоддзі, але дайшоў да нас у пашкоджаным спісе з 1307 году. Галоўны ягоны герой – рэальная гістарычная асоба, Радрыга (Руй) Дыяс, адважны ваяр і мудры правадыр, які атрымаў ад сваіх праціўнікаў, мусульман-маўраў, мянушку Мой Сід («гаспадар»).

Першы пераклад твору на беларускую мову, зроблены з мовы арыгінала, то-бок са старагішпанскай, і ствараўся аўтарам перакладу «Калевалы» Якубам Лапаткам, але не быў ім завершаны ў сувязі са смерцю. Рэшту твора пераклаў Лявон Баршчэўскі, які адрэдагаваў увесь тэкст і падрыхтаваў неабходныя дадаткі да яго.

Выдавецтва Рамана Цымберава.

Набыць можна тут з перасылкай па усім свеце.

Юры Іздрык «Human Right»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Зборнік Юрыя Іздрыка — гэта другая кніга перакладаў з украінскай і трэцяя кніжка ў серыі з Украіны. Дагэтуль выходзілі вершы паэта Сяргія Жадана ў перакладзе Андрэя Хадановіча і зборнік беларускага паэта Сяргея Прылуцкага, які даўно жыве ва Украіне.

Над перастварэннем кнігі па-беларуску працавалі Наталля Русецкая і Алесь Плотка.

Выдавецтва: hochroth Minsk.

Кнігу неўзабаве можна будзе замовіць праз сайт выдавецтва, а таксама ў беларускіх кнігарнях у гарадах Еўразвязу.

Ганна Краль «Апярэдзіць Госпада Бога»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

На працягу больш як сарака гадоў кніга Ганны Краль «Апярэдзіць Госпада Бога» застаецца класікай польскага рэпартажу і адной з самых узрушальных аповесцяў пра паўстанне ў Варшаўскім гета ў красавіку 1943 года і лёсы польскіх габрэяў, якія стварыла літаратура XX стагоддзя.

Гэта кніга, якая ўзнікла з размоў з Маркам Эдэльманам, лекарам, адным з кіраўнікоў паўстання падчас вайны. Марк Эдэльман распавядае пра вайну і пра медыцыну. Пра тое, што такое годная смерць і годнае жыццё. Гэта таксама гісторыя пра людзей, якія яго атачалі — пра паўстанцаў, манашак, былых акоўцаў, жанчын, якіх ён кахаў, пра пацыентаў і пра дактароў.

Пераклад Лявона Баршчэўскага.

Выдавецтва: «Полацкія лабірынты».

Набыць можна тут.

Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

«Пыха і перадузятасць» — другі раман англійскай пісьменніцы Джэйн Остэн (1775–1817), які выйшаў у 1813 годзе, адзін з самых папулярных у свеце твораў англійскай літаратуры. Паўплываў на развіццё жанру любоўнага рамана і зрабіўся адным з самых яркіх яго ўзораў. Вылучаецца непаўторнай остэнаўскай іроніяй і можа лічыцца энцыклапедыяй жыцця дробнапамеснага англійскага дваранства на мяжы ХVІІІ і ХІХ стагоддзяў.

Выдавецтва: «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Кен Кізі «Палёт над гняздом зязюлі»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Амерыканскі пісьменнік Кен Кізі (1935–2001) у сваім культавым рамане стварыў драпежны і жывы свет, у якім няпроста пабачыць падзелы паміж нармальнасцю і вар’яцтвам, свабодай і адказнасцю за тых, хто ў цябе паверыў.

Пераклад Аляксея Знаткевіча.

Выдавецтва: «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Мілаш Урбан «Сямікасцелле. Гатычны раман з Прагі»

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Містычны дэтэктыў чэскага аўтара Мілаша Урбана выйшаў у 1999 годзе і імкліва вынес аўтара на чэшскі літаратурны Парнас. Гатычнасць у творы спалучаная з элементамі містычнага дэтэктыву.

Пераклад Сяргея Сматрычэнкі.

Выдавецтва: «Янушкевіч».

Набыць можна тут.

Нон-фікшн

Сяргей Навумчык «Дзевяноста пяты». Перавыданне

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

У кнізе дэпутата першага парлямэнту незалежнай Беларусі Сяргея Навумчыка распавядаецца пра драматычны 1995 год. У тым ліку – пра зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Авальнай залі Дому ўраду і антыканстытуцыйны рэфэрэндум, які паставіў кропку ў апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня і адкрыў шлях да ўсталяваньня прарасейскага дыктатарскага рэжыму.

Выдавецтва: Kamunikat.org

Набыць можна тут.

Арцём Сізінцаў «На «Старт» і ў «Тэмпе». Ножны шпурляк на Аршаншчыне

Архетыпы, хіпстары і... нараўлянскі палац. Новыя кнігі траўня: літагляд

Кніга — маштабная работа пра гісторыю ножнага шпурляку (футболу) на Аршаншчыне, якая таксама закранае агульны дыскурс развіцця гэтага віду спорта ў Беларусі. Яна стваралася каля 15 гадоў, гэта першая падобная работа па гісторыі рэгіянальнага футболу на беларускай мове ў краіне. У яе аснове — доўгія архіўныя пошукі, праца з дакументамі, сустрэчы з гульцамі і трэнерамі.

У кнізе апісваюцца гісторыя Воршы і мясцовых клубаў, смешныя моманты з паядынкаў, жаночы футбол, стадыёны, вядомыя гульцы. Дадаецца слоўнічак самабытнай беларускай спартовай лексікі.

Выдавецтва: Skaryna Press.

Набыць можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости