Фота: Reform.news.
«Кожная падзея ў гісторыі чалавецтва раскрывае нам нечаканы пейзаж чалавечых учынкаў, пакут і новых магчымасцей, якія разам пераўзыходзяць сукупнасць усіх вядомых намераў і значнасць усіх вытокаў», — заўважае Ханна Арэнт у сваёй працы «Разуменне і палітыка». Чытаючы гэтыя радкі нямецка-амерыканскай філосафкі складана не падумаць пра найноўшую гісторыю Беларусі. Што новага паказаў нам пейзаж 2020 года? Ці ёсць паняцце калектыўнай віны? Як можна супраціўляцца дыктатуры?
Выдавецтва «Пфляўмбаўм» сёлета выдала першую кнігу Ханны Арэнт па-беларуску — «Пра чалавечнасць у цёмныя часы», і…сарвала банк. Укладзены Мары Луізэ Кнот зборнік эсэ знакамітай мысляркі габрэйскага паходжання трапляе ў самы нерв беларускай праблематыкі — мова нібыта апрапрыюе развагі Арэнт, адаптуючы яе думкі да сучаснага беларускага кантэксту і пытанняў, якія віруюць у грамадскім полі.
У прадмове да зборніка адзначаецца, што гісторыя выдання пачалася з пытання Святланы Алексіевіч, зададзенага на фестывалі міжнароднай літаратуры ў Кёльне ў 2022 годзе. «Ці можаце вы мне сказаць, што Ханна Арэнд думала пра калектыўную віну, ці існуе нямецкая віна?», — запыталася беларуская нобелеўская лаўрэатка ў нямецкай экспертцы па інтэлектуальнай спадчыне Арэнд. Паколькі магчымасці падрабязна абмеркаваць гэта пытанне ў іх не было, Святлана прапанавала Мары Луізэ Кнот укласці кнігу эсэ мысляркі. Так з’явілася гэта выданне, якое дае магчымасць пазнаёміцца з маштабам, ладам думкі адной з найвыбітных жанчын ХХ стагоддзя.
Пераклады яе эсэ з англійскай і нямецкай моваў на беларускую здзейснілі: Алена Пятровіч, Вольга Гронская, Алена Талапіла, Кацярына Тэвес.
Дзіўная рэч, але Ханна Арэнт не далучала сябе да філосафаў. «Мая прафесія — гэта палітычная тэорыя», — кажа яна ў размове з нямецкім журналістам Гюнтэрам Гаўсам. Зборнік акурат пачынаецца з інтэрв’ю з мысляркай, якое яна дала ў 1960-х нямецкаму тэлебачанню.
Чытаючы яго, сёння адразу звяртаеш увагу на тое, што Арэнт была вымушана пакінуць Германію ў 1933 годзе — як беларусы пасля пачатку рэпрэсій ў 2020-х. Спадарыня Ханна асабліва ганарыцца, што з’ехала не мірна — яна была затрымана за арганізацыю і друк зінаў (самвыдатаўскіх часопісаў) з антысемісцкімі выказваннямі, і мусіла пакінуць краіну нелегальна.
Урэшце, можна выказаць здагадку, што Арэнт была вандроўніцай і чужаніцай in continuous: нарадзілася ў Гановеры ў сям’і інжынера, вырасла ў Кенінгсбергу, вучылася філасофіі ў Марбургу, Гайдэльбергу, Фрайбургу; у чатырнаццаць гадоў чытала Карла Ясперса, а праз гады абараніла ў яго дысертацыю. У 1930-х з’ехала з Германіі ў Парыж; падчас Другой сусветнай вайны трапіла ў жаночы лагер для інтэрнаваных. Здолела адтуль ўцячы. А потым, перабраўшыся праз акіян, працавала прафесаркай палітычнай тэорыі ў Злучаных Штатах Амерыкі ў Нью-Ёрку.
Чужаніцай Арэнт можна назваць у сувязі з родам яе заняткаў — быцця інтэлектуалам, а таксама ў сувязі з яе гарбрэйскім паходжаннем — быццём габрэем, як яна кажа.
Адна з найбольш вядомых яе тэзаў нарадзілася ў 1960-я, калі Арэнт як карэспандэнтка The New Yoгker наведала адзін з гучных працэсаў тых часоў — суд над Адольфам Айхманам — нямецкім ваенным злачынцам, аберштурмбанфюрэрам СС. Працэс праходзіў у Іерусаліме, і пасля яго мыслярка дала свету паняцце «банальнасць зла», падсумаваўшы убачанае — чалавек стаў удзельнікам масавых забойстваў выконваючы, як яму падавалася, усяго толькі бюракратычныя задачы. Ён не быў «звышзлодзеем», носьбітам «радыкальнага зла» — яго ўчынкі былі прадыктаваны памкненнем не парушаць парадак — ён усяго толькі выконваў загады.
У гэтым водгуку мне б хацелася б зафіксаваць тэзы мысляркі, які могуць стаць падмуркам для асэнсавання беларускай сітуацыі.
Менавіта першае эсэ з сямі прадстаўленых у кнізе — «Арганізаваная віна» — дае нам адказ на відавочныя пытанні, якімі задаецца большасць, сутыкнуўшыся з сістэмай: як тое сталася магчымым? Хто тыя людзі, хто дае, а таксама і выконвае злачынныя загады? Чаму гэта працуе?
«Арганізаваная віна» і ўводзіць нас у развагі філосафкі якім чынам таталітаныя дзяржавы зацягваюць у сваю дзейнасць як мага болей людзей.
«Калі раней манаполію на злачынствы, што ад усталявання рэжыму былі штодзённай руцінай канцэнтрацыйных лагераў, зацята ахоўвалі СС і гестапа, то сёння на здзяйсненне масавых забойстваў адпраўляюць любых службоўцаў вермахта[…] Татальная мабілізацыя скончылася татальным саўдзельніцтвам нямецкага народа», — піша яна пра палітыку Германіі ў ваенны час.
Але што важна — дадае Арэнт — Гімлер у гэтай татальнай палітыцы робіць стаўку не на фанатыкаў ці садыстаў, а акурат на абывацеляў, нармальных людзей. «Кожны раз, калі грамадства праз безпрацоўе пазбаўляе маленькага чалавека яго нармальнага функцыянавання і яго нармальнай самапавагі, яно рыхтуе яго да той апошняй мяжы, калі ён будзе гатовы ўзяць на сябе любую функцыю, нават «працу» ката», — апісвае яна глебу, на якой паўстае той самы «абывацель».
Але сёння гэты «нармальны чалавек» не належыць толькі гітлеўраўскай Германіі, ён ёсць паўсюль, дзе ўлада адабрала ў людзей прастору палітычнай дзейнасці. «Абывацель — гэта сучасны масавы чалавек, разгледжаны не ў момант сваёй экзальтацыі ў масе, а пад надзейнай — ці сёння, хутчэй ненадзейнай — аховай уласных чатырох сцен», — заўважае яна.
Менавіта такі «абывацель» можа давесці «дыхатамію прыватнага і грамадскага, прафесіі і сям’і да такой скрайнасці, што ва ўласнай персоне больш не знойдзе паміж імі сувязі. І калі прафесія прымушае яго забіваць людзей, то забойцам ён сябе не лічыць акурат таму, што здзейсніў гэта не праз схільнасць, а з прафесійнага абавязку».
То-бок з гэтых разважанняў можам вылучыць дзе думкі: таталітарны (ці магчыма як у нашым выпадку аўтакратычны рэжым) будзе рабіць усё, каб залучыць грамадзян у сваю заганную сістэму — рэжым арганізоўвае віну сваіх грамадзян. А па-другое, «абывацельства» пры гэтым — з’ява міжнародная. І адпаведна не залішнім тады можа аказацца пытанне: ці не стаў я «абывацелем» у выніку палітыкі аўтыкратычных структур, ці ўсё ж гэта быў мой (не)свядомы выбар?
«Там, дзе вінаваты ўсе, не вінаваты ніхто» — так гучыць адказ Ханны Арэнт на ключавое пытанне на конт таго, ці існуе канцэпт калектыўнай віны — пытанне, якое турбуе шмат каго з беларускага грамадства. Няма калектыўнай віны і калектыўнай невінаватасці, ёсць толькі персанальная. Вокліч «мы ўсе вінаватыя» азначае не што іншае як дэкларацыю салідарнасці з сапраўднымі злачынцамі, сцвярджае філосафка. Віна, у адрозненні ад адказнасці, заўсёды вылучае асобу.
Яна ўзгадвае, што падчас судовага працэсу над Айхманам абарона спрабавала даказаць, што ён быў усяго толькі «шрубкай» сістэмы. Але суддзі адкінулі гэту ідэю.
«Бо ў залі суда разглядаецца не сістэма, не Гісторыя або гістарычны кірунак, не «-ізм», напрыклад антысемітызм», а асоба, і калі падсудны аказваецца функцыянерам, ён паўстае перад судом менавіта таму, што, нават будучы функцыянерам, ён усё адно застаецца чалавекам і менавіта ў гэтай якасці паўстае перад судом», — заўважае мыслярка, адказваючы на пытанне хто і ў якой ступені вінаваты. Кожны адказвае менавіта за свае ўчынкі.
І далей: «Суд на Айхманам, які і ўсе падобныя працэсы, быў бы пазбаўлены ўсялякай цікавасці, калі б ён не пераўтвараў «шрубку» альбо «рэферэнта» — начальніка аддзела IV B 4 Галоўнага ўпраўлення імперская бяспекі — у чалавека».
Гэты адказ расстаўляе ўсе кропкі над «і» у слыннай дылеме: вінаватая асоба ці сістэма. Вінаватая асоба.
Ды ўсё ж сістэму, асабліва таталітарную, нельга цалкам скідваць з рахунку.
Бо мэта дыктатуры — падпарадкаваць усе сферы жыцця сваіх грамадзян. І як мы можа назіраць у выпадку Беларусі — сам закон, асабліва ў апошнія гады, кіруецца не паняццем справядлівасці, а патрэбам захавання рэжыму: па-сутнасці, закон «пераварочваецца» і «ўпарадкоўваецца» з мэтамі кантролю і захавання ўлады, не скажам тут нічога новага. Паступова адна сістэма каштоўнасцей замяняецца на іншую, — і гэта важна пазначаць.
Як супраціўляцца ў гэтай сістэме? Арэнт кажа пра нядзеянне, бо акурат ў такіх умовах, што парадаксальна, яно становіцца дзеяннем.
«Няўдзельнікі грамадскага жыцця пры дыктатуры — гэта тыя, хто адмовіўся падтрымліваць дзяржаву, пазбягаючы «адказных пасадаў», дзе такая падтрымка патрабуецца пад выглядам падпарадкавання. І нам варта толькі на імгненне ўявіць, што адбылося з любой з гэтых формаў кіравання, калі б дастатковая колькасць людзей дзейнічала «безадказна» ( з пункту гледжання рэжыму — Reform.news) і адмаўлялася падтрымліваць рэжым, нават без актыўнага супраціву і бунту, каб убачыць наколькі эфектыўнай зброяй гэта магло бы стаць»,— піша аўтарка.
Патэнцыйная сіла грамадскага падпарадкавання. Заўважым, ці ёсць такая рэч, як падпарадкаванне ў выпадку грамадзяніна?
Але зараз мне хацелася б вярнуцца да таго самага «абывацеля». Бо Ханна Арэнт разбіваючы канцэпт калектыўнай віны, пазначае паняцце палітычнай (калектыўнай) адказнасці.
Палітыка, паводле яе, гэта тое, што ўзнікае ў тым, што знаходзіцца паміж людзьмі, і афармляецца як адносіны.
«Свабода існуе толькі ва ўнікальнай прамежкавай прасторы палітыкі», — лічыць мыслярка. У цэнтры палітыкі — клопат пра свет, а не пра чалавека. І людзям неабходна абараняць свет.
Задачай тыраніі ёсць страта здольнасці людзей да палітычных дзеянняў, а значыць да патрэбы разумення і сэнсу. І разуменне, суджэнне і мысленне, паводле Арэнт, ёсць ключавыя дзеянні, якія дапамагаюць не пераўтварыцца ў «абывацеля», не стаць тым самым зручным для маніпуляцый рэжымаў і сістэм аб’ектам.
Мысленне, як лічыць філософка, гэта ў першую чаргу працэс. Пачынаючыся ў пэўным сэнсе са збянтэжанасці, мысленне «разбурае і размарожвае тое, што мова, сродак мыслення ўжо замарозіла ў думцы — словы (канцэпты, сказы, дактрыны, дэфініцыі) […] Мысленне непазбежна дыструктыўным, падрыўным чынам уплывае на ўсе цвёрдыя крытэрыі, каштоўнасці, вымярэнні дабра і зла, — абапіраецца яна на Сакрата. — Мысленне аднолькава небяспечнае для ўсіх веравызванняў і само по сабе не спараджае ніякага новага веравызнання».
Аднак не-мысленне, якое здаецца такім прыдатным станам для вырашэння палітычных і маральных пытанняў, таксама тоіць у сябе небяспеку.
«Абараняючы людзей ад небяспекі праверкі яно вучыць іх цверда прытрымлівацца любых прадпісаных правіл паводзін, якія могуць быць прынятыя ў канкрэтны час у канкрэтным грамадстве. Прычым людзі прывыкаюць не столькі да зместу правілаў, дбайнае вывучэнне якіх бянтэжыла бы іх, колькі да самой наяўнасці правілаў, пад якія можна падвесці прыватныя выпадкі. Яны прызвычаіваюцца да таго, што ніколі не прымаюць рашэнняў».
Мысленне супрацьстаіць не-мысленню, і галоўная нябяспека першага не толькі ў тым, што яно ставіць пад сумнеў канцэпты, правілы і дактрыны, але і актуалізуе адносіны асобы з самой сабой. «Лепш цярпець ад несправядлівасці, чым чыніць несправядлівасць», — разбірае яна аксіёму Сакрата, выкрышталізоўваючы з яе паняцце самасвядомасці, бо чалавек існуе не толькі для іншых, а і для сябе самога. «Хто захоча сябраваць з забойцам і жыць з ім поплеч?», — апісвае яна працу сумлення.
Мысленне — гэта бязгучны самотны дыялог, які прымушае нас аналізаваць сітуацыю, і быць у суладдзі з самім сабой.
«Праява ветру думкі — гэта не веды, гэта здольнасць адрозніваць правільнае ад няправільнага, прыгожае ад выродлівага. І гэта сапраўды здольнае не дапусціць катастрофы, прынамсі для мяне, у тыя рэдкія моманты, калі наступае вырашальны момант», — лічыць Ханна Арэнт.
Так якім чынам мы можам абараніць свет? Менавіта ў палітычным дзеянні, сцвярджае філосафка. І яно ўключае ў сябе мысленне, разуменне, і здольнасць выносіць суджэнні — прамоўленыя публічна меркаванні, дзяліцца імі адзін з адным. Палітыка, паводле Арэнт, дае магчымасць новага пачатку, калі людзі дзейнічаюць супольна. Гэта заўжды магчымасць цуду.
Магчыма, 2020 год дазволіў нам, выкарыстоўваючы тэрміналогію мысляркі, адчуць сябе свабоднымі, акурат ствараючы тую ўнікальную прамежкавую прастору паміж адным адным? Быць спантаннымі і дзейнымі? Ці прысутнічае гэта прастора зараз? Як яна змянілася?
Ці нясем мы адказнасць за беларускую супольнасць? Бо ў адрозннені ад калектыўнай віны, калектыўнай (палітычнай) адказнасці пазбегнуць нельга.
«Гэта ўскосная адказнасць за тое, што мы не рабілі, гэта прыняцце наступстваў за тое, у чым мы не вінаватыя, — тая цана, якую мы плацім за тое, што жывём не самі па сабе, а сярод іншых людзей, і што здольнасць дзейнічаць, якая ёсць палітычнай дзейнасцю par exellence, можа быць рэалізаваная толькі ў адной з многіх разнастайных формаў чалавечай супольнасці», — даводзіць філосафка.
З іншага боку, гэта палітычная прастора заўжды, як я разумею, дае нам шанец на новы пачатак. У адрозненне ад гісторыі, у якой новая падзея пераварочвае пейзаж мінулага, палітыка дае магчымасць уявіць, а значыць перастварыць пейзаж будучыні.
Пакуль людзі могуць дзейнічаць разам, яны могуць дасягнуць «неймавернага і непрадказальнага». Ці не ёсць гэта сэнсам палітыкі? — абнадзейвае Арэнт.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram