Аўтар «Радзіва «Прудок» Андрэй Горват паведаміў пра выхад сваёй новай кнігі — пра Нараўлянскі палац. Яна мае назву «Дом».
Кніга пісалася з 2021 года.
«Некалькі разоў я перарываў працу над ёй, думаючы, што яшчэ не гатовы расказаць гэту гісторыю – сваю і дома. Ці проста не хацеў ставіць кропку. А потым паставіў», — падзяліўся на сваёй старонцы ў сацсетках пісьменнік, які выдаткаваў шмат сілаў на аднаўленне Палаца Горватаў у Нароўлі.
Аўтар адзначае, што для яго было важна, каб выданне выглядала як паўнавартасны арт-аб’ект — кніга аздоблена фотаздымкамі — старымі і сучаснымі, надрукавана на крэйдаванай паперы.

— Гэта кніга пра нараўлянскі палац — стары дом на беразе Прыпяці, напоўнены любоўю, фартэпіяннай музыкай і сямейнымі сакрэтамі. Гэта літаратурнае даследаванне, у якім біяграфія палаца пераплятаецца з маёй асабістай гісторыяй. Таксама гэта аповед пра людзей, якія называлі палац сваім домам, і пра эпохі, што праносіліся за яго вокнамі, — распавёў пра «Дом» Андрэй Горват.
Кніга спалучае элементы рэалізму і магічнага рэалізму. У ёй бронзавыя львы прагульваюцца па парку, а людзі з партрэтаў — па калідорах. Заходзячы ў дом, будзьце гатовыя: гаспадар у любы момант можа вярнуцца з вечнасці, каб адказаць на тэлефонны званок.
У кнізе шмат старых і сучасных фотаздымкаў, што дазваляе акунуцца ў атмасферу палаца, вандраваць па яго пакоях і наваколлі. Цвёрдая вокладка надзейна захоўвае змест кнігі і надае пачуццё грунтоўнасці. Унутры — шчыльная крэйдаваная папера крэмавага колеру, прыемная для вачэй і на дотык.
Мне б хацелася, каб, разгарнуўшы кнігу, вы пачулі тое ж, што і я, калі ўпершыню пазнаёміўся з нараўлянскім палацам: ціхі покліч, запрашэнне затрымацца і адчуць сябе дома».
Набыць выданне, як і прачытаць урывак з кнігі, можна на адмысловым сайце dadomu.com, створаным аўтарам.
Прэзентацыя навінкі пакуль не запланавана, але Андрэй Горват абяцаў прывезці «Дом» у Вільню, Беласток, Варшаву, Гданьск і Познань на наступным тыдні.
«Буду везці адзін асобнік гаспадару палаца (дзядзі Эдзі), і па дарозе заеду ў гэтыя гарады», — дадаў ён.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Кніга спалучае элементы рэалізму і магічнага рэалізму. *
Вельмі люблю жанр магічнага рэалізму японскіх пісьменнікаў.
Выдатна, што ў нас паявіўся свой беларускі аўтар, які піша ў такім жанры.
Гэта проста цуд і асалода.
Ты ходзіш паміж звычайных рэчаў і раптам усё навокал магічна мяняецца, звыклае вядзе сябе нязвыкла, ты імгненна пераносісся ў іншыя часы, вандруеш паміж рознымі эпохамі, якія адначасова пераплятаюцца прычудлівымі карункамі.
Дзякуй вялікі, дарагі пісьменнік Андрусь Горват! За прыгожую магічна-рэалістычна-гістарычную кнігу!
Яна адназначна папоўніць скарбонку нашай беларускай культуры.
«Алея, па якой я ішоў, падавалася даўгой, але за абвіслай галінай яна раптам скончылася — і
я ўбачыў дом.
Гэта адбылося нечакана. Дом паўстаў ніадкуль, выйшаў са змроку ўвесь адразу і тут жа заняў сабой усё.
Знявечаны часам і людзьмі, ён туліўся на беразе Прыпяці, як вялікі стары сабака, які калісьці быў пародзісты, прыгожы і любімы, але потым быў кінуты, за многія гады страціў надзею і давер і цяпер проста чакаў смерці там, дзе ў апошні раз бачыў свайго гаспадара».
(Андрусь Горват. Дом.)