Новы выконваючы абавязкі дырэктара тэлеканала «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі правёў прэс-канферэнцыю, дзе распавёў пра будучыню тэлеканала і сваё бачанне сітуацыі вакол яго.
«У сувязі са скарачэннем фінансавання мы будзем вымушаныя адмовіцца ад часткі запланаваных праектаў. Некаторыя штотыднёвыя перадачы будуць выходзіць раз на два тыдні, некаторыя праекты мы будзем тэставаць на YouTube перад тым, як запусціць іх у сетку вяшчання, але тэлевізійнае і інтэрнэтнае вяшчанне мы захаваем.
Мы планавалі доўгую серыю фільмаў пра беларускіх пісьменнікаў 1930-х гадоў з вялікімі тэатралізаванымі фрагментамі – гэта вельмі дарагі прадукт, ад якога мы вымушаныя пакуль адмовіцца. У гэтым годзе таксама не будзе працягнуты серыял «Працэсы», які мы спрабавалі зрабіць максімальна танна, але параўнальна гэта таксама вялікія грошы.
Мы планавалі запусціць музычную праграму накшталт «Belsat music live» – гэтага, хутчэй за ўсё, не атрымаецца. Акрамя таго, будзе праведзены аўдыт», – распавёў ён.
Аляксей Дзікавіцкі таксама расказаў пра фінансавую сітуацыю і захады для яе паляпшэння.
«Як вядома, мы запытвалі на гэты год 75 мільёнаў злотых, але атрымалі ад Міністэрства замежных спраў Польшчы 40 мільёнаў. Акрамя гэтага, ёсць папярэдняя дамова аб тым, што ўсе нашыя расейскамоўныя праграмы застаюцца ў нас, і ўсе яны, акрамя адной, фінансуюцца са сродкаў TVP Wilno і TVP World. Гэта яшчэ не дакладна, але па гэтым кірунку прадугледжана сума ад 10 да 14 мільёнаў злотых. Мы таксама ўжо маем падпісаныя дамовы з іншымі замежнымі донарамі, але дэфіцыт бюджэту застаецца. Дзеля таго, каб захаваць самае каштоўнае, што ёсць на «Белсаце» – наш разнародны калектыў, у якім працуе каля 300 чалавек – нам не хапае каля 10-11 мільёнаў злотых», – падкрэсліў ён.
Дзікавіцкі не стаў каментаваць звальненне Агнешкі Рамашэўскай, але адзначыў, што яму сумна ад гэтага рашэння, і адзначыў вялікую ролю былой дырэктаркі ў заснаванні і развіцці тэлеканала.
«Я вельмі шкадую, што гэта здарылася. Заслугі Агнешкі Рамашэўскай перад каналам відавочныя. Мы заснавалі яго з нуля. Тое, што канал з сябе ўяўляе сёння, стала магчымым дзякуючы яе прафесійным і кіраўнічым здольнасцям. Калі б мне дзесяць год таму сказалі, што гэта будзе такі магутны мультымедыйны праект, што гэта будзе настолькі місійны праект, які зробіць столькі рэчаў, якія можна ўнесці ў скарбонку беларускай культуры і якімі можна ганарыцца – я б у гэта ні за што не паверыў», – сказаў ён.
Дзікавіцкі адзначыў, што нягледзячы на фінансаванне з боку польскага ўрада, «Белсат» быў і застаецца беларускім каналам.
«Калі мы пачыналі працу над «Белсатам», я вельмі ясна для сябе вырашыў, што калі нехта патэлефануе і пачне дыктаваць павестку, указваць, аб чым казаць і аб чым не казаць – гэта будзе апошнім днём маёй працы тут. І паверце, за 17 гадоў існавання «Белсата» такога ні разу не здарылася», – падсумаваў ён.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: