У Страсбургу завяршаецца праца Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы. Аб працы беларускай дэлегацыі журналіст Reform.news паразмаўляў з яе кіраўніцай Аляксандрай Мамаевай.
— Распавядзіце аб дзейнасці беларускай дэлегацыі ў Радзе Еўропы, у чым спецыфіка яе статусу?
— Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з Рады Еўропы былі выключаныя беларуская і расійская дэлегацыі. У беларускай дэлегацыі быў статус спецыяльнага госця. Паўнавартаснай дэлегацыі Беларусь ніколі не мела праз рэжым Лукашэнкі і праз тое, што ў Беларусі працягваюць выносіць смяротныя прысуды і выконваць смяротныя пакаранні, а ў сакавіку 2022 года яна была выключаная канчаткова. Але Рада Еўропы вырашыла працягнуць супрацу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, і таму быў створаны фармат, які зараз называецца Кантактная група.
— Гэта цалкам новы фармат для Рады Еўропы?
— Так, гэта цалкам новы фармат для супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Раней у Радзе Еўропы ён не прымяняўся, у ім адбываюцца актыўнасці Рады Еўропы ў дачыненні да дэмакратычных сілаў. Праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы, семінары з моладдзю, юрыстамі, праваабаронцамі, журналістамі, фемгрупай і г. д. Адзін з кірункаў — гэта пашырэнне супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. У тым ліку было прынятае рашэнне, што будзе створаная беларуская дэлегацыя ад дэмакратычных сілаў у Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.
Да гэтага Рада Еўропы ўжо супрацоўнічала з дэмакратычнымі сіламі: яны запрашалі палітычныя партыі на пленарныя паседжанні, і тыя мелі права прысутнічаць падчас паседжанняў Палітычнага камітэта ПАРЭ. Але пасля таго, як было прынятае рашэнне аб тым, што Каардынацыйная Рада будзе абірацца, пасля таго, як гэтыя выбары прайшлі, вырашылі стварыць парламенцкую дэлегацыю ў ПАРЭ… У нас шмат жартавалі з гэтых выбараў, казалі, што гэта першыя вольныя выбары пасля абрання Лукашэнкі ў 1994 годзе, але для Рады Еўропы Каардынацыйная Рада адназначна стала прадстаўнічым выбарным органам беларускага грамадства.
— Калі параўноўваць статус беларускай афіцыйнай дэлегацыі ў статусе госця і статус дэлегацыі дэмсіл, то ў каго больш паўнамоцтваў?
— Я ніколі не задумвалася аб тым, каб параўноўваць гэтыя статусы, але гэта, як мінімум, такі ж самы статус. Справа ў тым, што ёсць некалькі вымярэнняў. Есць пленарныя паседжанні ў вялікай залі, дзе выступаюць. Пакуль у нашай дэлегацыі няма права там прысутнічаць. Я спадзяюся, гэта зменіцца, але пакуль нас могуць толькі запрашаць, як гэта было, напрыклад, падчас студзеньскай сесіі, калі прымалі рэзалюцыю па Беларусі аб неабходнасці правядзення сумленных выбараў і непрызнання выбараў Лукашэнкі. На гэтае паседжанне запрасілі тры чалавекі ад нашай дэлегацыі, а таксама быў выступ Анжалікі Мельнікавай.
Зараз мы дамагаемся таго, каб дакумент аб мадальнасці беларускай дэлегацыі — дакумент, які рэгулюе нашую дзейнасць — быў перагледжаны, і беларуская дэлегацыя атрымала права прысутнічаць на пленарных сесіях. Адпаведна нашая дэлегацыя не мае права голасу ў Камітэтах, але мы можам прысутнічаць на працах камітэтаў і выступаць з дазволу старшыні камітэта. Гэта палітычны камітэт, юрыдычны, міграцыйны, сацыяльны, культурны, які таксама аб’ядноўвае спорт, медыя і камунікацыю, а таксама камітэт па недыскрымінацыі. Там ідзе праца па падрыхтоўцы рэзалюцыяў, дакладаў, пазіцый. Важна, што гэтая праца працягваецца паміж сесіямі. Мы ўдзельнічаем у гэтай працы, у прыватнасці, працуем над некалькімі рэзалюцыямі: па транснацыянальных рэпрэсіях, па ролі дыяспары, па міграцыйнай тэматыцы.
Другое вымярэнне — гэта супраца з палітычнымі партыямі. У ПАРЭ існуюць палітычныя групы як фракцыі. Тут мы маем статус спецыяльных гасцей і мы далучыліся да трох груп. Гэта Еўрапейская народная партыя, сацыялісты і ALDE — цэнтрысты. Мы можам прысутнічаць на іх паседжаннях. Гэта вельмі важна, бо там яны абмяркоўваюць усе пытанні — ці будуць яны падтрымліваць тую ці іншую дэлегацыю ці кандыдатуру, тую ці іншую папраўку… Таксама яны непасрэдна ўплываюць на нацыянальную палітыку краін, якія яны прадстаўляюць у ПАРЭ. Мы як беларуская дэлегацыя робім брыфінгі, калі падчас сесіі ў нас ёсць прыкладна гадзіна, і мы распавядаем пра сітуацыю ў Беларусі, пра палітзняволеных, пра прымусовыя дэпартацыі, пра санкцыі, пытанне бяспекі, дасылаем дакументы аб гэтым… Праз гэтыя палітычныя групы ў нас ёсць непасрэдны канал камунікацыі да ўсіх парламентарыяў.
Яшчэ адно вымярэнне — гэта нацыянальныя дэлегацыі. Тут збіраюцца прадстаўнікі 46 парламентаў. Мы можам з імі сустракацца — фармальна ці нефармальна — і вырашаць пэўныя пытанні. Сёння ў нас была цудоўня сустрэча з дэлегацыяй Чарнагорыі. Мы размаўлялі пра праблемы беларусаў у гэтай краіне, пра парламенцкую супрацу, мы перадалі кантакты мясцовай народнай амбасады, каб яны далей маглі супрацоўнічаць па гэтых пытаннях.
Гэта адбываецца на сустрэчах з іншымі нацыянальнымі дэлегацыямі. На гэтай сесіі мы паразмаўлялі з дэлегацыямі Германіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Украіны… Агулам было ўжо 15 такіх сустрэч. Мы распавядаем пра нашую дэлегацыю, пра тое, у каго якія прыярытэты. У Паўла Латушкі гэта пытанні адказнасці рэжыму, у мяне гэта арганізацыя, мабільнасць і бяспека беларусаў, у Маргарыты Ворыхавай — моладзевыя пытанні, у Паўла Церашковіча гэта пытанні адукацыі, супрацьдзеяння «рускаму свету», у Валера Мацкевіча — пытанні еўрапейскай будучыні Беларусі і пабудова дарожнай мапы для ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы.
Мы абмяркоўваем супрацу па гэтых тэмах і заўсёды закранаем пытанні праблем беларусаў у гэтых краінах, далейшую супрацу на ўзроўні дыяспар, палітзняволеных. У гэтых пытаннях жывы кантакт вельмі важны, і гэтыя сустрэчы праходзяць амаль на роўных, бо іншаму боку гэта таксама цікава, яны бачаць, як мы працуем, і гэта дае магчымасць мець сталы кантакт з парламентарыямі.
— Вашая праца ў асноўным скіраваная збольшага на будучыню Беларусі пасля дэмакратычных пераменаў, ці можна казаць аб нейкіх канкрэтных вымяральных выніках?
— Па-першае, мы заўсёды просім падтрымліваць кантактную групу, бо з ёй звязаны план дзеянняў у дачыненні да Беларусі, і ўнёскі туды робяць асобныя краіны, на гэтыя ўнёскі арганізуюцца канкрэтныя мерапрыемствы для беларусаў. Гэта могуць быць паездкі, падрыхтоўка законаў, пераклад важных дакументаў на беларускую мову, адукацыйныя мерапрыемствы для беларусаў і г. д.
Па-другое — гэта магчымасць вырашэння праблемаў беларусаў у выгнанні: гэта праблемы з выдачай пашпартоў замежніка, праблемы пратэрмінаваных дакументаў. Учора ў нас была сустрэча з парламентарыямі з Бельгіі, яны зацікавіліся праблемай беларускага нацыяльнага пашпарта, на сустрэчы з украінскай дэлегацыяй мы абмяркоўвалі пытанне легалізацыі банкаўскіх рахункаў і іх разблакіроўкі.
Такія праблемы мы спрабуем вырашаць. Канешне, мы заўсёды кажам пра падтрымку палітзняволеных. Кожны раз просім краіны падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд, які ў значнай ступені фармуецца з унёскаў асобных краін. Таксама мы просім парламентарыяў станавіцца хроснымі палітзняволеных — напрыклад, у дэлегацыі Вялікабрытаніі ўжо два прадстаўнікі, якія з’яўляюцца хроснымі палітзняволеных, якія ведаюць сваіх падапечных і стараюцца прыцягваць да іх увагу.
— З канцом гэтага года сканчаецца і План дзеянняў па Беларусі, прыняты на два гады. Ці будзе ён працягнуты?
— Так, падыходзіць да канца План дзеянняў — гэта дакумент, у якім запланаваныя ўсе мерапрыемствы, якія тычацца Беларусі, і бюджэт на іх. Ён будзе працягнуты, аб гэтым можна казаць упэўнена. Праца над Планам дзеянняў на наступныя два гады ўжо вядзецца. Гэта робіцца ў супрацы з Радай Еўропы. Гэта іншы фармат, не звязаны з ПАРЭ. Па сутнасці, у нас ёсць Рада Еўропы і кантактная група, асобна дэлегацыя ў ПАРЭ і супраца тут.
Яшчэ асобна ёсць Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў, з якім таксама запланаваныя мерапрыемствы, і там таксама ёсць дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, аналагічная той, што працуе ў ПАРЭ. Новы план дзеянняў уключае дзейнасць дзвюх нашых дэлегацый, мерапрыемствы для юрыстаў па пазбяганні дыскрымінацыі і харасменту, адукацыйныя мерапрыемствы, падтрымка прафесійнага рэзерва.
Трэба таксама сказаць, што зараз у структурах Рады Еўропы былі чатыры беларускі, якія праходзілі тут стажыроўку — не навучанне, а яны менавіта тут працавалі. То-бок, у нас ужо ёсць чатыры чалавекі, якія разумеюць, як працуе Рада Еўропы, ПАРЭ, Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў. Зараз яны сканчаюць гэтую стажыроўку, і мы вядзем перамовы аб тым, каб гэты эфектыўны механізм быў працягнуты.
— Сярэдні шараговец не вельмі добра разумее, чым займаюцца Рада Еўропы і ПАРЭ. Скажыце, чаму тое, што робіць тут беларуская дэлегацыя, з’яўляецца важным?
— Як дэмакратычныя сілы мы працуем на будучыню Беларусі. Тое, што мы тут робім, важна па некалькіх прычынах. Перадусім гэта распрацоўка саміх законаў і рэформаў, якія мы рыхтуем для новай Беларусі. Гэта і распрацоўка Канстытуцыі новай Беларусі, распрацоўка рэформы мясцовага самакіравання, іншыя законы… Вельмі важна, каб усе прынцыпы Рады Еўропы былі ўмантаваныя ў гэтыя законы. Бо калі мы хочам калі-небудзь быць часткай Еўрапейскага Звязу, нам трэба будзе адаптаваць законы пад гэтыя патрабаванні. Тут мы маем магчымасць ствараць гэтыя законы, якія будуць адпавядаць еўрапейскаму заканадаўству. Гэта таксама вельмі важна для нас — я маю на ўвазе — дэмакратычных сілаў.
Я не вельмі люблю слова «вучыцца», але, думаю, тут яно пасуе — вучыцца адпавядаць, разумець, што такое кансэнсус адносна каштоўнасцяў Рады Еўропы. Гэта і тэрміналогія, і пэўнае стаўленне да розных пытанняў, гэта прымат правоў чалавека. Так, пакуль мы можам гэта нейкім чынам ігнараваць, бо ёсць, падаецца, больш тэрміновыя пытанні, але навошта, калі мы ўжо сёння можам працаваць над тым, каб прымаць гэтыя правілы, хаця б у дэмакратычных структурах прымаць палітыкі па недыскрымінацыі, па гендарнай роўнасці, па антыхарасменце, па дэмакратычных формах кіравання. Калі мы будзем разумець, як гэта працуе, нам будзе прасцей, і мы будзем на адной мове размаўляць з нашымі партнёрамі ў Еўрапейскім Звязе, і калі мы некалі вернемся ў Беларусь і будзем працаваць там, для нас гэта будзе натуральным, і ўсе гэтыя законы будуць вельмі арганічна імплементавацца.
Адначасова вельмі важна зараз паказваць, што мы — частка еўрапейскай супольнасці, частка еўрапейскіх каштоўнасцяў у добрым сэнсе. Бо еўрапейскія каштоўнасці — гэта не тое, што кажуць пра іх прапагандысты, а гэта вяршэнства права, гэта дэмакратыя, гэта правы чалавека. Акрамя таго — вельмі практычна — гэта вельмі добрыя кантакты і досвед працы з міжнароднымі арганізацыямі. Я часта кажу, што мы зараз працуем на ўмоўную скрыню з візітоўкамі — тыя кантакты, якія нам будуць патрэбныя потым — для таго, каб падтрымліваць дэмакратычную Беларусь і станавіцца часткай еўрапейскай супольнасці.