Беларуская адвакатка і спецыялістка ў аўтарскім праве Марыя Колесава-Гудзіліна пры падтрыманні Беларускай Рады культуры распачынае працу, мэта якой – прывесці беларускі рэжым у міжнародны суд за свядомае парушэнне аўтарскіх правоў на дзяржаўным узроўні.
Кампанія для абароны інтэлектуальнай уласнасці ў Беларусі разлічаная на гады.
Яна ўлучае працу з адмысловым спавяшчальнікам ААН аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, зварот у Фонд асветы ў галіне правоў на музычныя творы, паведамленне ў Сталы камітэт аўтарскага права і сумежных правоў пры Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, а таксама індывідуальны зварот у Камітэт эканамічных, сацыяльных і культурніцкіх правоў пры ААН.
Паводле плану, гэтая праца мусіць скончыцца міжнародным судом.
«Без найноўшых ведаў і тэхналогіяў эканамічнае і сацыяльнае развіццё сёння немажлівыя, таму ахова правоў на інтэлектуальную ўласнасць надзвычай важная для любой краіны, – кажа Марыя Колесава-Гудзіліна. – Тым часам афіцыйная Беларусь уводзіць закон, які разбурае рэпутацыю рынку, а праз тое, што ён перастае быць прывабным для аўтараў і ўласнікаў бізнесу, эканоміку таксама.
Мы змагаемся за тое, каб сусветныя супольнасць і рынак разумелі: беларусы шануюць інтэлектуальную ўласнасць і паважаюць згоду праваўладальнікаў. Наш план мінімум – дамагчыся асуджэння новага беларускага закону міжнароднымі органамі. План максімум – каб у Міжнародным судзе быў распачаты працэс супраць Беларусі ў сувязі з парушэннем яе абавязкаў у захоўванні аўтарскіх правоў».
3 студзеня ў Беларусі прынялі Закон аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, які ўступіў у моц праз 10 дзён. Паводле яго, кіно, музычныя творы, праграмнае забеспячэнне, тэлетрансляцыі і, што істотна для міжнароднага гандлю, таварныя знакі могуць выкарыстоўвацца ў Беларусі без дазволу праваўладальнікаў з гэтак званых несяброўскіх краінаў. Пералік якіх зафіксаваны кіраўніцтвам беларускага рэжыму асобным пастанаўленнем.
Закон, можна меркаваць, ужо дзеіць: СМІ паведамлялі пра паказы пірацкіх копіяў галівудскіх рэлізаў у беларускіх кінатэатрах, а дзяржаўны тэлеканал “Беларусь 5” быў заўважаны ў паказе спартовых падзеяў без права на іх трансляцыю. Больш за тое, дакумент можа закрануць гандаль таварамі еўрапейскіх вытворцаў, якія пасля ўступлення закону ў моц могуць увозіцца на тэрыторыю Беларусі без права на таварны знак, а далей – скіроўвацца ў Расію.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: