На Міжнародным паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, які з 13 па 15 лютага праходзіў у Варшаве, прэзентавалі з дзясятак кніг, выдадзеных паміж фэстамі — са студзеня 2025 да студзеня 2026 года.
Паслухалі і падабралі галоўныя «разыначкі» выданняў.

Анталогія сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары»
Анталогія літоўская паэзіі «Горад на гары» — гэта зрэз актуальнага літоўскага літпрацэсу.
Вядоўца і ўкладальнік кнігі Ціхан Чарнякевіч канстатаваў, што перакладаў з літоўскай мовы дасюль выходзіла няшмат: некалькі кніжак у рамках праекта «Вялікае княства паэзіі», прыдуманага ў 2010-х гадах, некалькі анталогій у 1990-х, найбольш маштабным прадстаўленнем было двухтомнае выданне літоўскай савецкай паэзіі 1970-х, у якое шмат працы ўклаў Алесь Разанаў, выдатны знаўца літоўскай літаратуры.
Перакладаў мала, а літоўская паэзія заслугоўвае большага. Паэзія Літвы, прадстаўленая ў зборніку, як правіла, нерыфмаваная, некаторыя вершы авангардысцкія, вялікую частку выдання складае вершапроза, калі незразумела, дзе заканчваецца ўнутраная рыфма і пачынаецца проза.
Каардынатарам праекта выступіў Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Выйшла кніга ў Беластоку ў Выдавецкім агенцтве Экапрэс.
Анталогія турэмнай паэзіі «Вершы на волю»
У анталогію увайшлі тэксты, напісаныя падчас турэмнага зняволення, катаргі, лагеру, высылкі, чакання рэабілітацыі і перагляду крымінальных спраў.
«Умовы напісання дыктуюць тэму, — патлумачыў Ціхан Чарнякевіч, — бо звычайна пісалі пра тое, што бачылі, — турэмныя сцены, успаміны, ахоўнікі, суддзі… Часам сустракаюцца звароты да сяброў, каханых жанчын і… катаў».
Храналагічна анталогія ахапіла больш як 100-гадовы перыяд неперарыўнай традыцыі і вымушанага развіцця беларускай турэмнай паэзіі: ад філамацкіх 1820-х, калі ў Вільні былі зняволеныя Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан — і да гулагаўскай лірыкі асуджаных неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны.
Пачынаецца кніга філаматамі, гэта перакладная літаратура, што крыху выпае з канцэпцыі кнігі, бо можна было абмежавацца толькі арыгінальнымі тэкстамі.
Вялікая частка прысвечана віленскай тэме. «У Лукішках, у турме, дзе сядзела ўся наша заходнебеларуская літаратура, можна вешаць пад 50 мемарыяльных шыльдаў», — адзначыў вядоўца.
Большая частка тэкстаў кнігі адтуль, бо ў сталінскай турме, у «Амерыканцы», можа і можна было пісаць тэксты, але перадаць іх было немагчыма. А заходнебеларускія паэты маглі перадаць вершы пры спатканнях, а пасля ў камеры прачытаць свой верш, надрукаваны ў газеце.
Алесь Гарун рэалізаваўся як паэт менавіта на выгнанні. Бо ён вярнуўся у Беларусь цяжка хворым і пражыў літаральна некалькі гадоў. Менавіта ў Сібіры напісаны яго зборнік «Матчын дар».
Якуб Колас менавіта на Валадарцы пачаў пісаць «Новую зямлю» і «Сымона-музыку». Гэта паэт «апісальнага характару», таму у яго творах падрабязна апісаныя тагачасныя інтэр‘еры і вертухаі, гэтыя яго вершы, напрыклад, пра смерць арыштанта, вельмі рэдка з‘яўляюцца ў анталогіях, але іх варта ведаць.
Што датычыць гулагаўскай тэмы, то тут найбольш прадстаўлена генерацыя літаб’яднання «Узвышша».
Твораў Уладзіміра Дубоўкі у кнізе мала, бо ён перастаў пісаць у гулагу.
Язэп Пушча пісаў пратэстныя антысавецкія тэксты, абсалютна ўнікальныя для паэзіі 1930-х гадоў. У 1953 годзе, калі часопісы і газеты былі запоўнены плачам беларускіх літаратараў з нагоды смерці Сталіна, Пушча напісаў верш «Смерць тырана» — рэдкі для беларускай паэзіі, напісаны з поўным разуменнем таго, што ён можа за гэты верш быць арыштаваны.
Ёсць некаторыя тэксты Сяргея Новіка-Пеюна, напісаныя ў нямецкім засценку. Ён доўгі час знаходзіўся у гестапа, але нейкім чынам яму ўдалося захаваць масіў тэкстаў.
Таксама ў анталогіі ёсць тэксты Ларысы Геніюш, яе лагерная лірыка.
«Tacтaмeнт» Уладзіміра Жылкі – адзіны твор, які захаваўся з яго выгнання, у якім ён і памёр. Яго паэма-запавет патрапіла ў рукі Яўхіму Кіпелю, які праз некалькі гулагаўскіх адсідак здолеў захаваць гэты рукапіс.

Уладзімір Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім»
Выдавец Яраслаў Іванюк і пісьменнік Уладзімір Арлоў расказалі пра раман Караткевіча, выдадзены без цэнзуры. Напачатку выдавец пашкадаваў, што на прэзентацыю не змог прыехаць Аляксандар Федута, які назваў гэты твор галоўнай кнігай беларусаў.
Яраславу Іванюку прыйшла ідэя перавыдаць «Каласы пад сярпом тваім», калі раман выкінулі са школьнай праграмы ў 2023 годзе. Да супрацы запрасіў рэдактарку выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціну Андрэеву, якая пісала навуковую працу менавіта па гэтым творы і адшукала ўсе магчымыя тэксты ў беларускіх архівах. Дзякуючы гэтаму атрымалася нецэнзураванае выданне. Не першае, бо такое ўжо выходзіла ў 25-томніку, але Валянціна Андрэева паспрабавала вярнуць тыя словы, якія у савецкіх выданнях не маглі прагучаць – Беларусь, Падняпроўе, «маскаль».
Кніга адразу патрапіла ў топ продажаў і на «Камунікаце» і ў кнігарні «Кнігаўка».
Уладзімір Арлоў расказаў на прэзентацыі, як кніга Караткевіча паспрыяла яго пераходу на беларускую мову, як яны «палявалі» за яго новымі кнігамі ў студэнцкія гады. Як мастак-ілюстратар Арлен Кашкурэвіч даў яму машынапіс «Каласоў» з рэдактарскімі праўкамі, які таксама стаў матэрыялам для новага выдання.

Валянціна Аксак «Вячэра з чужым каханкам»
Паэтка змясціла ў кнігу вершы, напісаныя ўжо у эміграцыі, ці як паведаміла слухачам, «на гэтай дарозе, вяртаючыся дадому».
«Новая кніга Валянціны Аксак у кагосьці з чытачоў выкліча жаданне падкінуць паленца ў вогнішча пад аўтаркаю. Або звярнуцца да славутага полацкага ката Бальтазара, каб навастрыў сякеру. Чытачы з інквізіцыі так бы і зрабілі. Паэтку, якая ўявіла сябе на каленях у Хрыста, у нашыя дні закон дазваляе пакінуць жывой. Спаліць можна яе творы, што выходзяць за межы цноты, бо аўтарка вячэрае і не толькі, з чужым каханкам. І ўсё ж дзеля справядлівага выраку варта прачытаць напісанае між радкамі гэтае кнігі», — гаворыцца ў апісанні да выдання.
Назву зборніка нарадзілі біблійскія матывы.
На прэзентацыі аўтарка чытала свае вершы.
Сьвітае
Чорная сукня
спаўзае з плячэй
заснулае хмаркі,
малодзівам напаўняюцца
пульхныя грудзі аблокаў,
амур раскудлаціў
кучаравыя косы красуні,
летаргічна спачылай
на зялёнай маёвай траве
збоч Сафійскае горкі.
Дзьвіна абмывае яе
абмяклае цела.
Пазнаю
ў незнаёмым абліччы
негатыў
свайго фотаздымка.
Сьвітае.
Полацк забыўся
на мой
непраяўлены профіль.

Ганна Кандрацюк «Проста з любові»
Пад вокладкай новай кнігі супрацоўніцы беластоцкага штотыднёвіка «Нівы» – сем падарожных партрэтаў: Кастуся Каліноўскага, Ежы Папялушкі, святой Марыі (Петручук), Алеся Пушкіна, Юркі Гіля, Надзеі Артымовіч, Юры Гумянюка.
Новая кніга рэпартажаў Ганны Кандрацюк была выдадзена Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку.
На прэзентацыі аўтарка расказала пра сваю любоў да літаратурнага рэпартажу: «Я ўжо з першага артыкула падумала, што не хачу пісаць навіны ці справаздачы, і мяне захапіў літаратурны рэпартаж». У Польшы рэпатаж – вельмі папулярны жанр, да таго пачынальнікамі рэпартажу тут сталі людзі, якія нарадзіліся на беларускіх землях.
Напрыклад, сваю першую кнігу Ганна Кандрацюк пісала пад уплывам Мельхіора Ваньковіча.
Загаловак «Проста з любові» аўтарка пазычыла ў скульптара Януша Талуця, які так патлумачыў галоўны матыў стварэння скульптуры да 150-годдзя Кастуся Каліноўскага на яго радзіме ў Мастаўлянах.
Усе героі кнігі «проста з любові да Беларусі праявілі свой талент і пакінулі творы», — падсумавана Ганна Кандрацюк.

Павел Капанскі «Акрамя»
Гэта дэбютны зборнік аўтара. Уладзь Лянкевіч, які стаў рэдактарам кнігі, пацікавіўся, чаму Павел пісаў вершы з 2010-х, але кнігі не выдаваў. Аўтар адказаў, што выдаўшы кнігу, ён проста закрыў гештальт. Цяпер новая кніга дазваляе ісці далей. Цікава, што па сваіх вершах ён стаў вядомы як творца іранічны, але ў кнізе змешчыны удумлівыя вершы, заснаванныя на тонкіх назіраннях.
У якасці крыніцы натхнення аўтар прывёў два польскіх аўтараў – Крыніцкага і Шымборскую, які перавярнулі яго ўяўленне пра паэзію.
У кнізе чытачы сустрэнуць вершы не толькі на беларускай, але і на ўкраінскай ды польскай мовах.
«ці не твае рукі
габлююць з майго
драўлянага сэрца
бяскрылых галубоў?»
Набыць зборнік можна праз інстаграм аўтара.

Ігар Кулікоў «Нетутэйшая далячыня»
Кніжка павінна была выйсці восенню 2023 года, калі аўтар жыў у Беларусі, але ілюстрацыі да яе рабіліся паўтары гады. Мастачцы было дадзена заданне паспаборнічаць з Гюставам Дарэ, які працаваў у тэхніцы нетаропкай і падрабязнай. У выніку за гэты час падрыхтоўкі выдання у аўтара выйшла яшчэ адна кніга.
Акрамя вершаў у «Нетутэйшай далячыні» змешчаны пераклады з ангельскай і санскрыту.
Час вострава
Мароз расслабіўся — і шухнула адліга.
А значыць час, час вострава, прыйшоў.
На ростанях рака. Ў ваду вяртае крыга,
а голас — да прастуджаных пяшчаных берагоў.
Крыяе скрытае найлепей на абтоку.
Так шмат яго ў бэтонных абцугах
мадзее моўчкі, недаступнае ні кроку,
ні слыху тых, дзеля каго агучан быў прасьцяг.
А тут, на Востраве, ужо жыруюць хвалі
на лежбішчах з найзычнага пяску.
Ня спудзіць іх: яны сваголаснымі сталі —
і ўсё ж іх шархаткі прыход яшчэ на валаску.
А што як слухаць іх ужо ніхто ня стане,
маўлят вясны й самаахвярных крыг?
Ці помняць іх яшчэ двухногія слушане?
Каму зь іх раставаньня сьпеў разбудзіць сонны слых?
І вей з надсадай кідае ваду на востраў:
усё гучней хвалюецца прыбой.
Рака — ў чаканьні. Час наточаны давостра
да болю радасьці сустрэчы зь першаю нагой.

Новыя кнігі выдавецтва hochroth Minsk: «Надзейны сродак ад прывідаў» Ганны Янкуты і «Свята жыцця» Фрыдрыха Самотнага
У мінулым годзе ў выдавецтве выйшла 11 кніг паэзіі, — паведавіў выдавец Дзмітрый Строцаў. Аднак аўтары раскіданы па ўсім свеце, таму на фэсце былі прэзентаваныя толькі два паэтычныя зборнікі.
Для абодвух аўтараў — Ганны Янкуты і Фрыдрыха Самотнага — паэзія гэта інструмент, які спрыяе пошуку ўнутранай раўнавагі і працы з уласнымі траўмамі і памяццю.
«Надзейны сродак ад прывідаў» Ганны Янкуты — кніга, якая распавядае пра тое, як чалавек жыве побач са сваімі «прывідамі» — успамінамі, страхамі, незавершанымі гісторыямі. Важна не змагацца з прывідамі, а навучыцца з імі жыць, ператвараючы іх у крыніцу сэнсу. Гэта развагі пра ўнутраную працу, пра вяртанне да сябе, пра тое, як памяць можа быць і цяжарам, і апорай.
Фрыдрых Самотны ў «Свяце жыцця» ўспрымае жыццё як супраціў, радасць як акт мужнасці, святло як выбар, а не дадзенасць. Паэт гаворыць пра тое, што святкаваць жыццё — гэта не наіўнасць, а свядомая пазіцыя ў разбуральным свеце.

Наста Кудасава «Лірыка»
Кніга «Лірыка» — гэта 100 вершаў, выбраных з розных перыядаў творчасці аўтаркі, ад самай першай кнігі да найноўшай, якая яшчэ рыхтуецца.
На прэзентацыі Наста Кудасава пачытала вершы і расказала, як паэзія дапамагае трымацца ў час крызісаў.
Рысі ў сініх лясах асінавых
А. Сыс
Рысі ў сініх лясах асінавых
пазіраюць вачыма дзікімі.
Еду я чалавекаспынам,
і нікому не Эўрыдыка,
толькі лес мне ў Арфеі просіцца,
клён далоньмі ільне ўкаханымі.
Дрэваверніца, сцежканосіца –
расшпіліла наросхрыст раны,
вецер дзьме ў мой адчай нялечаны,
кліча жыць на прасторы любыя…
І сядаюць шчыглы на плечы мне,
і ўсміхаюцца на ўсе дзюбы
(з кнігі «Маё невымаўля»)

Анталогія сучаснай беларускай літаратуры ў перакладзе на нарвежскую мову «Час унутры нас»
Гэтае выданне — спроба стварыць першую сістэмную, прадстаўнічую і жывую карціну таго, чым жыве беларуская літаратура апошніх дзесяцігоддзяў. Сучаснасць складальнікі паказалі даволі шырока – ад другой паловы ХХ стагоддзя да нашых часоў.
Кнігі яшчэ няма, але чакаецца ў Нарвегіі. Марына Хоббель пераклала амаль усе тэксты і з‘яўляецца адной з рэдактарак выдання. Назва кнігі – метафара таго, што беларуская культура жыве ўнутры людзей, нават калі краіна перажывае крызіс.
У Нарвегіі пра Беларусь ведаюць мала, таму літаратура становіцца ключом да разумення краіны. Анталогія паказвае Беларусь не праз палітыку, а праз галасы людзей, іх досвед і ўнутраны свет, яна адкрывае новую аўдыторыю і ўключае беларускую літаратуру ў еўрапейскі дыялог.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

