Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны прэзентаваў унікальны праект — картачную стратэгію «Штэтл». Гэта гульня пра свет маленькіх гарадкоў, дзе стагоддзямі побач жылі габрэі, беларусы, палякі, татары і іншыя народы. Праект спалучае ў сабе дакладную працу з архівамі і сучасную гульнявую механіку.
Што такое штэтл? Калі прасцей — гэта тыя самыя беларускія малыя мястэчкі, якія да сярэдзіны XX стагоддзя былі цэлым асобным космасам. Праз іх гісторыю можна выйсці на самыя неверагодныя сусветныя біяграфіі. Напрыклад, адсюль карані заснавальніка Marks&Spencer Майкла Маркса (нарадзіўся ў Слоніме), галівудскага акцёра Кірка Дугласа (бацькі з Чавусаў), мастака Хаіма Суціна (са Смілавічаў) і нават спявачкі Эмі Уайнхаус (архівы яе сям’і вядуць да Ракава).

Як у гэта гуляць і што ўнутры?
Гульня разлічана на кампанію ад 2 до 6 чалавек (узрост 8+). Галоўная мэта — развіць сваё мястэчка: засяляць яго жыхарамі, будаваць дамы, святкаваць вяселлі і гатаваць традыцыйныя стравы. Пры гэтым гульня не ідэалізуе мінуўшчыну — вашаму мястэчку давядзецца праходзіць і праз рэальныя выпрабаванні таго часу: падаткі, воінскую павіннасць ці бежанства.
У скрыні будуць чатыры калоды карт («Жыхары», «Пабудовы», «Падзеі», «Мудрасць Торы»), рэсурсныя маркеры і кубікі. Сусветным дапаўненнем да гульні сталі гістарычная даведка і рэцэпты беларуска-габрэйскай кухні.

Хто стварыў праект?
Над гульнёй працавала вялікая каманда спецыялістаў, што дазволіла сумясціць гістарычную дакладнасць і гульнявы працэс. За распрацоўку механікі адказвалі аўтары, вядомыя па папулярных настолках «Страдающее Средневековье» і «Догма».
Візуальны свет стварыў сучасны мастак Васіль Грыно, які доўгі час супрацоўнічаў з Disney і фестывалем Vulica Brazil.
Гістарычную дакладнасць забяспечылі даследчыцы Марыя Каспіна і Клэр Ле Фолль. Дзякуючы такой сумеснай працы ўсе элементы настолкі грунтуюцца на рэальных крыніцах: персанажы адлюстроўваюць вобразы з архіўных фатаграфій, а пабудовы маюць рэальныя прататыпы — напрыклад, сінагогі з Воўпы і Ашмянаў ці будынак Мірскай ешывы.
Як падтрымаць і атрымаць гульню?
Проста зараз «Штэтл» рыхтуецца да друку. Прыняць удзел у выхадзе першага накладу і аформіць перадзаказ можна на платформе Kickstarter. Гульня даступная на дзвюх мовах — англійскай і рускай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
