Адкрыты прыём заявак на штогадовы міжнародны конкурс World Press Photo Contest 2026, які адзначае і ўшаноўвае найлепшую фотажурналістыку і дакументальную фатаграфію, створаную за мінулы год.
Арганізатары запрашаюць фатографаў з усяго свету, каб прадставіць «багатую разнастайнасць гісторый і перспектыў».
Удзел бясплатны і адкрыты для ўсіх прафесійных фатографаў, якія працуюць у сферы фотажурналістыкі і/ці дакументальнай фатаграфіі.
Пераможцам абяцаюць:
- Грашовая ўзнагарода да €11 000 (адзінаццаці тысяч еўра).
- Уключэнне ў штогадовую падарожную выставу, якую штогод бачаць больш за 4 мільёны наведвальнікаў у больш чым 80 гарадах па ўсім свеце.
- Размяшчэнне прац на сайце і ў сацыяльных сетках World Press Photo, колькасць падпісчыкаў якіх перавышае 2 мільёны.
- Уключэнне ў штогадовы альманах конкурсу, які выдаецца на шасці мовах накладам больш за 30 000 асобнікаў з сусветным распаўсюдам.
Дэдлайн падачы заявак: 17 студзеня 2026 года.
Варта адзначыць, што беларускія фатографы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі і прызёрамі World Press Photo, што пацвярджае высокі ўзровень нацыянальнай фотажурналістыкі.
У 2020 годзе Таццяна Ткачова заняла 2-е месца ў глабальнай катэгорыі «Партрэтная гісторыя» за серыю «Паміж правам і сорамам» пра права жанчын на аборты.
У 2021 годзе Надзея Бужан узяла 2-е месца ў глабальнай катэгорыі «Гарачыя навіны» (Spot News, Single) за свой здымак «У адзіноце» (Вольга Севярынец каля Акрэсціна).
У 2025 годзе Таццяна Чыпсанава стала рэгіянальным пераможцам у катэгорыі «Доўгатэрміновы праект» (Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён) за праект «Тэ Урэвера – жывы продак народу тухоэ».
Падаваць заяўку можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram